Чалавек, які распаліў агонь нянавісці. Эфект Доналда Трампа


Магнат-рэспубліканец без аніякага палітычнага досведу сваім выбарчым лозунгам узяў «вяртанне былой велічы Амерыкі». Пад фінал кампаніі Доналд Трамп згубіў падтрымку ключавых аднапартыйцаў, але не паказвае, што яго гэта турбуе.

«Гадзіны аддзяляюць нас ад зменаў, што выпадаюць раз на жыццё. Мы зробім сапраўдныя змены, а не Оўбамавы змены», – натхняе сваіх прыхільнікаў Доналд Трамп.

Будзь прасцей і людзі пацягнуцца

Папулярнасць Трампа ўзляцела, дзякуючы простым адказам на складаныя пытанні. На пачатку кампаніі, калі ён абяцаў разбамбіць Блізкі Ўсход, каб перамагчы тэрарызм, медыі паказвалі Трампа, як разынку выбараў, а то і наўпрост называлі яго клоўнам.

«Доналд Трамп заклікае цалкам забараніць уезд мусульманаў у Злучаныя Штаты, пакуль улады не зразумеюць, якога чорта адбываецца», – папярэджваў Трамп.

Кампанія пабудаваная на страху

Значную частку кампаніі Трамп пабудаваў на страхах амерыканцаў перад тэрарызмам, глабалізацыяй ды іншымі выклікамі часу.

«Я пабудую вялікі мур на нашай паўднёвай мяжы, і за яго заплаціць Мексіка», – распавядаў мільярдэр.

Адным махам Трамп абражаў цэлыя катэгорыі амерыканцаў – ад мусульманаў і ваеннапалонных да беднякоў і эмігрантаў. І атрымліваў новых прыхільнікаў з падобнымі поглядамі.

«Мексіка дасылае сюды праблемных людзей, і тыя нясуць свае праблемы сюды. Яны нясуць наркотыкі ды злачынствы. Яны гвалтаўнікі», – упэўнены кандыдат на прэзідэнта ЗША.

Жанчыны – слабое месца Трампа

Аднак стаўленне палітыка да жанчын аказалася слабым месцам. Рэйтынгі рэспубліканца ўпалі пасля публікацыі старога аўдыязапісу з ягонымі абразлівымі прызнаннямі.

«Я заляцаўся да яе на Палм Біч. Я заляцаўся і аблажаўся. Я паспрабаваў яе трахнуць, а яна была замужам… Я аўтаматычна цягнуся да прыгажунь і пачынаю іх цалаваць. Гэта як магніт», – прызнаваўся журналісту будучы лідар рэспубліканцаў.

Каб абараніцца, Трамп перайшоў у наступ

«Біл Клінтан зрабіў горш. У мяне былі словы, а ў яго дзеянні», – даводзіў канкурэнт Клінтан.

У выніку старыя гісторыі ягоных заляцанняў зʼявіліся на экране. Адну за адной іх распавядалі пацярпелыя жанчыны.

Клінтан – стваральніца «Ісламскай дзяржавы»

Аднак мільярдэр і не думаў сыходзіць з дыстанцыі, а толькі ўзмацніў нападкі на сваю канкурэнтку і Дэмакратычную партыю ў цэлым. Трамп называў Гілары Клінтан заснавальніцай так званай «Ісламскай дзяржавы», абвінавачваў у карупцыі, намякаў, што яна занадта старая і хворая, каб быць прэзідэнтам… Хаця сам Трамп старэйшы, яму 70. Заявы Трампа перасоўвалі межы дапушчальнай выбарчай барацьбы ўсё далей і далей. З трыбуны Трамп намякаў, што прыхільнікі свабоднага абароту зброі мусяць штосьці зрабіць з ягонай суперніцай, а пад трыбунай адбываліся сапраўдныя бойкі з пратэстоўцамі з іншага лагеру.

Лукашэнка і Пуцін любяць Трампа

Трамп абяцае знізіць ролю ЗША ў блоку НАТО і дэмакратызацыі свету. За гэта мае сімпатыі аўтарытарных лідараў – і Лукашэнкі, і Пуціна.

«Калі я падабаюся людзям, яны падабаюцца мне. Нават Пуцін. Яны хочуць, каб я адмежаваўся ад Пуціна. Расеец Пуцін сказаў, што Трамп геній, ён будзе наступным лідарам ЗША», – фанабэрыўся спадар Трамп.

І так супала, што выбарчую кампанію Трампа падтрымалі невядомыя хакеры, што ўзламалі серверы Дэмакратычнай партыі. Адмыслоўцы кажуць, што сляды ўзломшчыкаў вядуць у Маскву. Крэмль усё адмаўляе.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў