Былы-прэмʼер Літвы Андрус Кубілюс: Прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу ў Літве займаюць 95 %


З падобнага мінулага ў розную сучаснасць. Сярэдні заробак у Літве складае 700 еўра. У Беларусі – каля 320.

Як небагатая на прыродныя рэсурсы краіна змагла пабудаваць гаспадарку, здольную без вонкавай дапамогі забяспечваць дабрабыт удвая вышэйшы, чым у нашай краіне – «Белсат» паразмаўляў з былым прэм’ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам.

Беларусь і Расея перажываюць глыбокі эканамічны спад. Здавалася б, Літва, паводле геаграфічнага становішча, павінны былі моцна закрануць гэтыя працэсы, але адбываецца наадварот. Літва перажывае эканамічны рост. Чаму?

Па-першае, усё больш наш экспарт скіраваны ў бок заходніх партнёраў. Наколькі я памятаю, экспарт на рынак ЕЗ складае 80 %, у Расеі прадукцыя, якая выраблена ў Літве, засталася пад 15-ым нумарам на рынку. Думаю, Беларусь таксама не вышэй.

Стартавыя ўмовы Літвы былі падобныя да беларускіх. Як вам удалося пераарыентавацца з Беларусі і савецкага рынку?

Мы перажывалі не вельмі лёгкія моманты, але калі падпісалі дамову пра свабодны гандаль з ЕЗ у 95-ым, мы ўжо разумелі, што будзем пераключацца на еўрапейскі рынак. У некаторым сэнсе дапамог расейскі крызіс 99-га года. Да гэтага 50 % ішло на расейскі рынак.

Еўропа вялікімі грашыма дапамагала мадэрнізаваць нашую вытворчасць, каб адпавядаць стандартам. З іншага боку шмат савецкіх заводаў не знайшлі новых рынкаў і збанкрутавалі. Але інфраструктуру былых заводаў, там ёсць вада, электрычнасць, газ, можна выкарыстаць, каб прыцягнуць новых інвестараў, асабліва скандынаўскіх. Мы ўсё яшчэ з’яўляемся канкурэнтаздольнымі, бо маем кваліфікаваную працоўную сілу, якая больш танная, чым у Швецыі, Нямеччыне і Даніі.

Што з’яўляецца рухавіком вашай эканомікі?

80 % ВУП складае бізнес заснаваны на прыватным капітале. У дзяржаўным сектары ў нас засталася толькі энергетыка, некалькі транспартных кампаніяў, чыгуначная кампанія і падача цяпла. Прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу займаюць 95 %. Цяжка было б назваць адзін сектар, які б прасоўваў усю эканоміку. У нас моцныя традыцыйныя галіны вытворчасці мэблі, тэкстыльная вытворчасць, інжынерная вытворчасць, хімічная прамысловасць. Розныя сектары развіваюцца з поспехам. Цяпер вельмі добра развіваецца сектар інфармацыйных тэхналогіяў. На аснове міжнароднага капіталу мы атрымліваем шмат працоўных месцаў, якія таксама прывабліваюць моладзь вяртацца з Лондану альбо Дубліна.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў