Станіславу Шушкевічу павысілі пенсію ў больш як тысячу разоў – з $ 0,2 да $ 220


Stanisław Szuszkiewicz

Выратаваннем з галечы першага кіраўніка незалежнай Беларусі занялася ягоная жонка – Ірына Шушкевіч.

У 80 з лішкам гадоў былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч будзе атрымліваць пенсію ў дзве сотні долараў, а не сімвалічную суму, як было дагэтуль. У тым, што змяніўся пенсіянерскі статус першага кіраўніка незалежнай Беларусі, – заслуга ягонай жонкі Ірыны Кузьмінічны. Яна самастойна вынайшла варыянт, як выратаваць мужа ад галечы – падала дакументы на пенсію для мужа па ўзросце, падае nv-online.info.

Шушкевіч дагэтуль атрымліваў пенсію памерам Br 3,2 тыс., што на сённяшні дзень нават менш за $ 0,2, бо фармальна пасаду старшыні Вярхоўнага Савету скасавалі, а пенсію не ідэксавалі – яна засталася на ўзроўні 1997 года. Шушкевіч не прасіў пра пераразлік, а зарабляў лекцыямі ў Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Польшчы, Нямеччыне і г.д. Пэўныя прыбыткі меў і ад выдання мемуараў, удзелу ў розных публічных мерапрыемствах за мяжой.

Пасля ўмяшання Ірыны Шушкевіч чыноўнікі налічылі ейнаму мужу пенсіі па ўзросце ў памеры каля 4 млн рублёў, а гэта прыблізна $ 220.

Павышаную пенсію «за заслугі перад беларускім народам» кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу прызначыў раней для былога першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова ды іншых высокіх партыйных наменклатуршчыкаў.

МЯ, паводле nv-online.info

Глядзі таксама
Каментары