Бязлюдная зона: як выміраюць беларускія вёскі


Раёны на мяжы Беларусі ды Расеі літаральна ператварыліся ў зону дэмаграфічнага бедства.

За апошнюю чвэрць стагоддзя насельніцтва тут скарацілася на 16 %. Аб мясцінах, дзе жыхароў хутка не застанецца, – у нашым рэпартажы.

Вёска Галае Добрушскага раёну калісьці налічвала да шасці соцень жыхароў, цяпер іх засталося тут некалькі дзясяткаў.

«Нармальна было, добра. Былі крама, сталовая, клуб, шпіталь, школа, дзіцячы сад, майстэрні ды брыкетны завод. Усё было, а цяпер усё закрылі – нічога няма», – кажа Станіслаў Шаўчэнка, 86-гадовы мясцовы жыхар.

І гэтак цяпер амаль у кожнай вёсцы на Добрушчыне. Жыццё тут паўсюль аднолькавае: ніякіх перспектываў.

«Адмірае народ. Тут адныя старыя засталіся. Ім пад 80 гадоў, моладзі мала», – заўважае Міхаіл Федарцоў, жыхар вёскі Слабада.

Галоўная ж прычына заняпаду – Чарнобыль. Пасля трагедыі шмат якія жыхары былі вымушаныя пакідаць гэтыя забруджаныя радыенуклідамі землі. І, натуральна, адсутнасць працы. І калі ўлетку заўжды знойдзецца такі-сякі занятак, то ўзімку застаецца, як той кажа, сядзець на печцы. Мясцовыя жыхары яшчэ спадзяюцца на ўлады, тыя, у сваю чаргу, ідуць простым шляхам. Замест таго, каб ствараць людзям умовы ў сельскай мясцовасці, закрываюць школы, крамы, прадпрыемствы, не ствараюць новай інфраструктуры.

«Павінна быць развіццё сельскай мясцовасці з улікам патрэбаў людзей, каб яны выбіралі для жыцця тыя месцы, якія перспектыўныя, а не тыя, на якія паказала ўлада», – заўважае намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.

У вёсцы Галае даўно няма школы. Застаўся ад яе толькі будынак, і то ў аварыйным стане. Але нягледзячы ні на што ўлады выставілі яго на аўкцыён. Нібыта спадзяюцца, што хтосьці захоча ўкладаць грошы сюды, у бязлюдную зону.

«Тут увогуле ўжо нічога няма. Няма работы – няма людзей, усе паз’язджалі. Цяпер засталіся адныя пенсіянеры», – распавядае ахоўніца былой школы ў вёсцы Галае Ганна Шаўчэнка.

А пенсіянерам засталося адно – успаміны пра колішнія шчаслівыя гады маладосці і дзяцінства.

Максім Кот

Стужка навінаў