Брытанскі пасол: Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна, але ёсць шлях да Еўропы


Брытанскі пасол у Беларусі Брус Бакнэл. Фота bel.biz

«Я пакідаю брытанска-беларускія адносіны ў значна лепшым стане, чым гэта было, калі я пачынаў працу», – заявіў амбасадар Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл, які завяршае сваю працу ў Беларусі.

Паводле слоў дыпламата, яму не ўдалося рэалізаваць усё, што ён планаваў, калі прыехаў у Беларусь у ліпені 2012-га года, але пэўныя поспехі ёсць. «Для мяне, як і для іншых маіх калег, вялікім поспехам стала ўваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. Гэта знак прагрэсу, прамень святла, гэта значыць больш блізкіх адносінаў. Калі Беларусь лічыць сябе еўрапейскай краінай, хоча далучыцца да еўрапейскіх інстытутаў, яна павінна адпавядаць пэўным патрабаванням і выконваць пэўныя абавязкі. Рада Еўропы – гэта адна з гэтых арганізацыяў, а Балонскі працэс у цэлым – гэта еўрапеізацыя Беларусі», – сказаў Бакнэл.

Сярод іншых важных падзей пасол назваў аднаўленне дзейнасці Брытана-беларускай гандлёвай палаты. «Гэта вельмі добра, таму што ёсць арганізацыя для прасоўвання гандлю паміж Вялікай Брытаніяй і Беларуссю», – адзначыў дыпламат.

Але самым важным дасягненнем для сябе і іншых еўрапейскіх паслоў, якія працуюць у Беларусі, Брус Бакнэл назваў паляпшэнне адносінаў паміж Менскам і Бруселем. «Але гэта – працэс. Дыпламатыя – гэта бясконцы працэс. У нас ідзе паступовае, павольнае паляпшэнне адносінаў. Гэта для мяне самы галоўны поспех тут, у Беларусі», – падкрэсліў пасол.

Пры гэтым ён адзначыў, што праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і ЕЗ засталіся. «Калі я сустракаўся ўчора (5 студзеня – БелаПАН) з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, мы іх абмяркоўвалі. Гаварылі пра тое, што хутка будзе апублікаваная справаздача БДІПЧ АБСЕ аб мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і рэкамендацыі аб тым, што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў Беларусі з палітычнымі партыямі і палітычнай дзейнасцю. Мы гаварылі і аб праблеме смяротнай кары», – расказаў Бакнэл.

«Я думаю, што Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна. Але ёсць шлях да Еўропы, а значыць павінны быць паляпшэнні ў пытанні правоў чалавека, дэмакратыі. Канешне, больш свабоды – гэта лепш, але ў любым выпадку гэта паступовы працэс, крок за крокам», – дадаў брытанскі дыпламат.

Сваю дыпламатычную місію ў Беларусі Брус Бакнэл завяршае 15-га студзеня. Новым паслом Вялікай Брытаніі ў Беларусі прызначана Фіёна Гіб, якая, як чакацца, прыедзе ў Менск у канцы студзеня.

Раней Брус Бакнэл павіншаваў жыхароў нашай краіны з Калядамі на беларускай мове.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары