Больш за 70 % уцекачоў, якія прыбылі ў Літву па праграме ЕЗ, пакінулі краіну


Большасць уцекачоў, якія прыбылі ў Літву паводле праграмы Еўрапейскага звязу, пакінулі краіну. Прымусова нікога з іх пакуль што назад не вярнулі.

З 344 пераселеных у Літву паводле праграмы ЕЗ уцекачоў 248 пакінулі балтыйскую краіну. Пра гэта са спасылкай на літоўскі Дэпартамент міграцыі падае Delfi.lt.

Як адзначыла дырэктар Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце, большасць з пераселеных – асобы працаздольнага ўзросту, сярод якіх пераважаюць сем’і з двума, трыма, а ў некаторых выпадках і з пяццю дзецьмі.

«Дзеці самага рознага ўзросту, ёсць нават адна жанчына, якая нарадзіла ў Літве. У бліжэйшы час чакаецца папаўненне яшчэ ў адной сям’і», – адзначыла Эвеліна Гудзінскайце.

Кіраўнік Цэнтру па прыёму ўцекачоў распавёў, што ў сярэднім уцекачы знаходзяцца ў Літве 3 месяцы – пакуль яны могуць жыць у цэнтры. Паводле яго, пакуль ніводнага з тых, хто з’ехаў не вярнулі назад у Літву прымусам: аднаго спрабавалі, але ён недзе знік па дарозе з Нямеччыны.

Агулам Літва забавязалася прыняць 1105 уцекачоў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары