БНФ патрабуе адстаўкі Шуневіча


Генерал-маёр міліцыі Ігар Шуневіч. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Адстаўка міністра ўнутраных справаў і яшчэ 4 патрабаванні сойму партыі БНФ.

Партыя БНФ у суботняй заяве выказала пратэст з нагоды затрыманняў дэманстрантаў на мірных акцыях пратэсту і запатрабавала ад уладаў спыніць рэпрэсіі і вызваліць зняволеных пратэстоўцаў.

«Сойм Партыі БНФ выказвае пратэст з нагоды аднаўлення практыкі масавых затрыманняў, збіцця ды адміністратыўных арыштаў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту ў Беларусі», – гаворыцца у звароце.

Партыю абурае тое, што большасць затрыманняў здзяйсняюць асобы ў цывільным, якія не прадстаўляюць службовыя пасведчанні і ўжываюць супраць дэманстрантаў грубую сілу, у тым ліку супраць жанчын.

Партыя высоўвае да ўладаў 5 патрабаванняў:

  1. Спыніць дзяржаўныя рэпрэсіі супраць уласнага народу ў сувязі з рэалізацыяй грамадзянам свайго права на негвалтоўны пратэст;
  2. Скасаваць угрунтаваныя на ілжэсведчаннях пастановы судоў аб пакаранні ўдзельнікаў мірных пратэстаў, неадкладна вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных;
  3. Расследаваць усе выпадкі незаконных і непрафесійных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы падчас затрыманняў грамадзянаў ды прыцягнуць вінаватых да адказнасці;
  4. Адправіць у адстаўку міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча;
  5. Забяспечыць заканадаўчыя і практычныя гарантыі рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы і негвалтоўны пратэст.

Цягам мінулых двух тыдняў больш за 200 грамадзянаў Беларусі былі затрыманыя і пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі або штрафамі (у тым ліку журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ларыса Шчыракова).

ДД

Глядзі таксама
Каментары