Блогера Пятрухіна прымусова адвезлі на псіхіятрычную экспертызу


Сёння раніцай да відэаблогера Сяргея Пятрухіна проста на вуліцы падышлі міліцыянты і адвезлі яго ўва ўпраўленне судова-псіхіятрычных экспертыз.

Экспертызу аўтару каналу «Народны рэпарцёр» прызначылі ў межах распачатай у дачыненні да яго крымінальнае справы «за публічны паклёп або абразу».

Сяргей Пятрухін з іншым аўтарам «Народнага рэпарцёра» Аляксандрам Кабанавым асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага заводу. За гэта блогераў пастаянна затрымліваюць і прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці.

Праваабаронца Раман Кісляк распавёў «Беларускім навінам», што блогер хацеў дамагчыся прадастаўлення яму копіі пастановы аб прызначэнні псіхіятрычнай экспертызы, каб абскардзіць яго.

«Атрымаць гэты дакумент блогеру не ўдалося. 2 верасня супрацоўнік міліцыі патэлефанаваў Пятрухіну і заявіў, што яго прымусова даставяць на экспертызу», – сказаў Кісляк.

У межах згаданай крымінальнай справы 30 жніўня ў блогера правялі ператрус. Каб патрапіць у кватэру, АМАП выбіў замок ва ўваходных дзвярах, бо Пятрухін адмовіўся адчыняць. Падчас вобшуку ў яго канфіскавалі камп’ютар, ноўтбук і тэлефон, а потым адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця, дзе ўзялі тлумачэнні, чаму ён не адчыніў дзверы міліцыянтам.

«Хтосьці грукаў у дзверы, не прадстаўляючыся. І я вырашыў не адчыняць, таму што нікога не чакаў», – тлумачыў Пятрухін.

На думку Рамана Кісляка, ператрус з брутальнымі дзеяннямі АМАПу правялі дзеля запалохвання блогера, каб ён адмовіўся ад асвятлення актуальных праблемаў Берасцейшчыны

ДД

Глядзі таксама
Каментары