Блогер Пятрухін: у Пінскім РАУС звольнілі 19 участковых


Відэаблогер Сяргей Пятрухін напісаў пра масавыя звальненні і дысцыплінарныя спагнанні ў Пінскім РАУС.

Паводле звестак блогера, тыдзень таму з РАУС Пінску звольнілі 19 участковых за «фальсіфікацыю пратаколаў і іншую імітацыю бурнай дзейнасці». На сваёй старонцы ў «Facebook» Сяргей Пятрухін напісаў, што, згодна з крыніцамі, участковыя рабілі «ліпавыя пратаколы» за самагонаварэнне, прыпісваючы іх тым, хто з’ехаў у Расею і на «іншых мёртвых душаў»:

«Доказы рабілі наступным чынам: ваду мяшалі з мукай, фатаграфавалі і прыкладалі да пратаколаў. Ну, і як водзіцца атрымлівалі бонусы-зоркі ды прэміі. Выкрыла гэтую дзейнасць Менскае ўпраўленне ўласнай бяспекі, якое зацікавілася паказнікамі пінчукоў – 4 апошнія гады тыя давалі выдатныя паказнікі па выяўленні кропак самагонаварэння і знішчэння зелля. 48 службовых асобаў, датычных да гэтага цырку, атрымалі дысцыплінарныя спагнанні».

Belsat.eu спрабаваў атрымаць аператыўны каментар у прэс-службы УУС Берасцейскага аблвыканкаму, але зрабіць гэта не ўдалося.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Vladimir Nikolsky/ Forum

Стужка навінаў