Блогер Лапшын, якога Менск выдаў Баку, сцвярджае, што яго хацелі забіць


Блогер ужо ў Ізраілі.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў памілаваў блогера Аляксандра Лапшына, якога асудзілі да трох гадоў зняволення за наведванне Нагорнага Карабаха без афіцыйнага дазвола Баку.  14 верасня ён пакінуў Баку і цяпер знаходзіцца ў Ізраілі.

Азербайджанскія ўлады сцвярджаюць, што Лапшын спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

«Катэгарычна адмаўляю афіцыйную азербайджанскую хлусню наконт нібыта маёй спробы самагубства ў бакінскай турме 10 верасня. Паводле версіі азербайджанскіх медыяў, прэзідэнт Аліеў праявіў гуманізм і, пашкадаваўшы небараку-самазабойцу, і вырашыў яго памілаваць праз дзень пасля міфічнай спробы самагубства», – напісаў Аляксандра Лапшын у ЖЖ.

Блогер падкрэсліў, што піша гэтыя радкі з пляжу Хоф Кармель у Хайфе.

«Уночы з 10 на 11 верасня 2017 года, калі я засынаў у камеры № 10 бакінскай турмы, раптам у дзвярах пачуўся скрып ключа і дзверы прыадчыніліся. Я ляжаў спіной да дзвярэй і не паспеў нават устаць, як нейкія асобы схапілі мяне за шыю і рукі, і потым нанеслі некалькі удараў кулакамі ў бок. Больш я не памятаю нічога. Наступныя ўспаміны – ужо з рэанімацыі цэнтральнай бакінскай клінікі, дзе я ляжаў падлучаны да прыбораў, з катэтарам на прычынным месцы і кіслароднай маскай на твары. Яшчэ зламалі два зубы і ўся спіна і бок у гематомах».

«У клініцы Тэль-Авіву ўрачы сцвердзіі, што характар ​​шэрагу траўмаў нагадвае хутчэй фізічны гвалт, але не спробу самагубства. Лекары звярнулі ўвагу на глыбокі след ад задушвання справа на шыі бліжэй да пляча, але гэта не зусім характэрна для самагубства, паколькі пры падвешванні гэты след звычайна ў раёне вуха. Ды і наогул, з якой нагоды мне «самазабівацца» на дзень нараджэння маёй мамы (10 верасня), ды яшчэ і на заключным этапе перамоваў аб экстрадыцыі дадому», – дадаў Лапшын.

Азербайджанскія ўлады абвінавачвалі Лапшына ў парушэнні закона аб дзяржаўнай мяжы. Ён трапіў у «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі.

У снежні 2016 году блогера затрымалі ў Менску, у лютым 2017-га яго выдалі Азербайджану.

Лапшын – грамадзянін Расеі, Ізраілю і Украіны.

ДД

Стужка навінаў