Маладзёна яшчэ 26 траўня этапавалі з Бранскага СІЗА ў следчы ізалятар на Валадарцы ў Менску. Пра гэта ў сваім «Facebookʼу» напісаў адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец.
«Трэба даць запыты ва ўстановы, дзе ён можа быць (папярэдне – «Валадарка»), і патрабаваць свабоды», – піша палітык.
Інфармацыю пацвярджаюць знаёмыя блогера. Таксама сёння хлопцу павінны перадаць перадачу.
Ананімны аўтар блогу 1863x знаходзіўся ў адным з расейскіх следчых ізалятараў больш чатырох месяцаў. Эдуарда Пальчыса затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расейскай мяжы. Пасля гэтага ідэнтычнасць блогера раскрыў адзін з расейскіх нацыяналістычных сайтаў, ён жа апублікаваў турэмныя здымкі хлопца.
Эдуарду Пальчысу 25 гадоў, ён родам з Ліды. Сам блогер называў сябе Jhon Silver.
1863x – калектыўны блог, прысвечаны спробе аналізу цякучых палітычных падзеяў у Беларусі, Расеі ды Украіне, а таксама беларускай гісторыі і культуры. Непадпісаныя матэрыялы востра крытыкуюць рэжым Лукашэнкі і Пуціна.
Паводле Сільвера, за вядзенне гэтай старонкі беларускія ўлады летась завялі на яго дзве крымінальныя справы – за распальванне нацыянальнай варожасці за артыкул «Забі «Рускі свет» і нібыта распаўсюд парнаграфіі.
Ад пераследу блогер вырашыў хавацца ва Украіне, куды з’ехаў, парушыўшы падпіску аб нявыездзе, каб папрасіць палітычны прытулак. Увесь гэты час ён жыў з жонкай у Кіеве, адкуль працягваў весці блог. Пазней Эдуарда нехта запрасіў на сустрэчу ў Расею. Там стваральніка 1863x затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Спачатку бранская паліцыя зняпраўджвала факт затрымання Пальчыса.
ДР, belsat.eu