Бізнесоўцы заклікаюць Лукашэнку зладзіць агульнанацыянальны з’езд прадпрымальнікаў


На думку бізнесоўцаў, такі форум неабходны для «адкрытага і шчырага дыялогу і выпрацоўкі выразных крытэрыяў развіцця нацыянальнага бізнесу». Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца ў рэзалюцыі форуму, у якім узялі ўдзел каля 1,2 тыс. чалавек.

На сайце РГА «Перспектыва» прадпрымальнікі маюць намер збіраць подпісы пад тэлеграмай на імя кіраўніка дзяржавы з просьбай арганізаваць тэрміновую сустрэчу з імі.

Удзельнікі форуму прапанавалі таксама даць магчымасць ІП адмяніць абмежаванні на распродаж таварных рэшткаў без сертыфікатаў згодна з тэхрэгламентам Мытнага саюза, а з 1 сакавіка накласці мараторый на канфіскацыі і праверкі «да тэрміну прыняцця рашэння аб суправаджальных дакументах, якія задавальнялі б усе зацікаўленыя бакі». Прапаноўваецца таксама накласці з 1 сакавіка мараторый на канфіскацыі і праверкі « у межах дзеяння тэхнічнага рэгламенту МС у дачыненні да ІП, якія займаюцца рознічным гандлем, з-за масавага невыканання гэтых правілаў у краінах МС».

«РГА »Перспектыва« не плануе праводзіць і арганізоўваць акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Усё, што будзе адбывацца з 1 сакавіка 2015 года, ёсць вынік працы чыноўнікаў, якія пераканалі вышэйшых службовых асоб у правільнасці выбару шляху развіцця малога бізнесу ў Беларусі. Уся адказнасць будзе ляжаць на іх, – гаворыцца ў рэзалюцыі форуму. – Мы па-ранейшаму лічым гэты шлях няправільным, які прывядзе да знішчэння ІП і сурёзнага ўдару па эканоміцы. Наша арганізацыя з’яўляецца бокам, для якога інтарэсы дзяржавы і грамадства, у тым ліку прадпрымальнікаў, вышэй за ўсё. Таму рэалізацыя пунктаў гэтай рэзалюцыі дазволіць стабілізаваць сітуацыю сярод прадпрымальнікаў і зняць напружанасць. Мы таксама прыкладзем усе намаганні для правядзення перамоў, інфармацыйнага і юрыдычнага падтрымання прадпрымальнікаў Беларусі. РГА »Перспектыва« адкрытая для дыялогу з уладамі».

Як адзначыў кіраўнік РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, цяперашні форум прадпрымальнікаў «стаў беспрэцэдэнтнай падзеяй не столькі таму, колькі прадстаўнікоў улады ў ім узялі ўдзел, колькі таму, што на ім магла выказацца вялікая колькасць прадпрымальнікаў».

Ён асобна падкрэсліў, што «Перспектыва» не будзе ладзіць акцый пратэсту, «нікога нікуды заклікаць не будзе». «Мы хочам, каб усё было справядліва, сумленна і адкрыта. Ёсць чыноўнікі, якія лічаць, што ўказ № 222 – гэта новае і лепшае, ёсць прадпрымальнікі, якія кажуць, што па ім працаваць немагчыма. Мне здаецца, што гэта пакажа час. Калі ІП змогуць працаваць, то ўлада мае рацыю. Калі ўказ недзеяздольны, то будзе відаць, што людзі па ім працаваць не змогуць. Гэта ўсё стане ясна пасля 1 сакавіка 2015 года», – лічыць Шумчанка.

«Я думаю, што, калі б адбылася сустрэча з Лукашэнкам, на яе прыйшла б не тысяча чалавек. Увесь Палац Рэспублікі быў бы поўны для адкрытага і шчырага дыялогу», — лічыць кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары