БХД адмаўляецца падтрымліваць якога-кольвек кандыдата на выбарах


Ва ўмовах адсутнасці свабодных і справядлівых выбараў, а таксама раз’яднанасці апазіцыі партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» прыняла рашэнне не вылучаць свайго кандыдата і не падтрымліваць ніводнага з іх падчас выбарчай кампаніі 2015 года. Такое рашэнне прынятае дэлегатамі ўстаноўчага з’езда партыі 13 чэрвеня ў Менску.

«У сітуацыя адсутнасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл мы не будзем вылучаць свайго кандыдата, а таксама падтрымліваць кагосьці публічна. Для нас кампанія, якую рыхтуюць Лукашэнка і Ярмошына, не выбарчая, а палітычная. Мы будзем праводзіць кампанію салідарнасці з Мікалаем Статкевічам і ўсімі палітзняволенымі», – адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Яшчэ адзін сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што БХД не здымае з сябе адказнасць за тое, што апазіцыі не ўдалося дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата. «Мы лічым гэта сваім паражэннем», – адзначыў ён.

Рымашэўскі падкрэсліў, што ў БХД ёсць прэтэндэнты, дастойныя вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты. «Але мы не будзем вылучаць свайго кандыдата ва ўмовах, калі Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, іншыя кандыдаты на выбарах 2015 года не могуць абірацца», – сказаў ён.

Разам з тым для адстойвання права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары БХД удзельнічае ў кампаніі назірання «Права выбару», мэта якой – фіксацыя рэальнай яўкі выбарнікаў і выяўленне фактаў прымушэння і фальсіфікацый.

Севярынец таксама заявіў, што БХД «рыхтуецца ўзяць у свае рукі ўладу», хоць цяпер гэта зрабіць і не можа.

На сёння аб намерах удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года заявілі сем патэнцыяльных кандыдатаў: Алена Анісім, Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Калякін, Таццяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Юрый Шульган.

9 чэрвеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК прапаноўвае правесці выбары 11 кастрычніка.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары