Берасцеец патрабуе прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Лідзію Ярмошыну.


Каардынатар Руху «За Свабоду» у Берасці Дзяніс Турчаняк звярнуўся ў генеральную пракуратуру Беларусі з патрабаваннем прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну. Раней актывіст звярнуўся ў Цэнтрвыбаркам са скаргаю, але не атрымаў адказу. Турчаняк мяркуе, што гэта парушае патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў».

Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў актывіст правёў эксперымент, які даказаў фальсіфікацыі падчас выбараў у Беларусі. Пасля чаго Турчаняк паспрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці, але міліцыя і пракуратуру пакрывала фальсіфікатараў.  Больш за тое, Галіна Янголенка якую Турчаняк вінаваціць у грубых парушэннях выбарчага заканадаўства задзейнічаная і ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Яна прызначаная старшынёю акруговай выбарчай камісіі ў Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2.

jangolenka_1

Галіна Янголенка

«Я падаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам на дзеянні Галіны Янголенка, паколькі праз паўгода пасля прэзідэнцкіх выбараў стала вядома, што скаргі дзесяці назіральнікаў, якія яны падавалі для разгляду ва ўзначаленую Янголенка камісію, наагул калегіяльна не разглядаліся камісіяй на пасяджэннях, рашэнні па іх не прымаліся. Адказы на скаргі былі падпісаныя ад імя камісіі, якая калегіяльна іх не разглядала, – распавядае Дзяніс Турчаняк »Белсату«. – Я прасіў Цэнтрвыбаркам прызнаць дзеянні Галіны Янголенка незаконнымі, але ЦВК відавочна вырашыў наагул не заўважаць праблему, і нават мне не адказаў. Таму і зʼявілася мая скарга ў генеральную пракуратуру».

Цяпер Дзяніс Турчаняк патрабуе правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням Ярмошынай і прыцягнуць яе да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама Турчаняк патрабуе ад пракуратуры прымусіць ЦВК адказаць на ягоную скаргу.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў