Беларусы б'юцца без правілаў і... робяць шлюбныя прапановы


У фінале баёў без правілаў «Mix Figther» беларусы бралі ўдзел у чатырох сустрэчах, тры з іх былі пераможныя. Яшчэ ў адной наш зямляк не змог перамагчы расейскага спартоўца, але атрымаў бадай што важнейшую перамогу: прапанаваў руку і сэрца сваёй дзяўчыне проста на рынзе ды атрымаў згоду.

У «Менск-арэне» у фінале рэаліці-шоу «Mix Figther» сышліся ў баях ваяры з 13 краінаў. У фармаце «Зборная «Mix Figther» супраць Зборнай свету» беларус Павел Катрунаў біўся супраць Халіда Муртазаліева з Расеі. Гэта быў бадай што самы крывавы двубой, і беларус яго прагуляў у другім раўндзе. Пасля бою Павел папрасіў сваю дзяўчыну падняцца да яго на рынг і на вачох усёй «Менск-арэны» зрабіў ёй прапанову.

Пазней у баях у фармаце «Супербаі чэмпіёнаў» беларус Юрый Бяссмертны перамог у трэцім раўндзе кітайца Ду Лі  Чэна, наш зямляк Ігар Бугаенка адправіў у накаўт мараканца Тарыка Хбабэза. Завяршылася шоу галоўнаю бітваю беларуса Аляксея Кудзіна і амерыканца Трэвіса «Жалезнага Чалавека» Фултана ў суперцяжкай вазе. Трэвіс у першым раўндзе спрабаваў зрабіць захоп і паваліць Бяссмертнага, але ў выніку сам апынуўся на падлозе. Некалькі магутных удараў – і амерыканец прыняў паразу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў