Беларускі франтавік: Георгіеўскія стужкі азначаюць імперскія амбіцыі Расеі


У сучасных музеях вайну паказваюць гераічнаю, а якой яна была насамрэч? «Белсат» паразмаўляў з былым франтавіком ды партызанам, доктарам медыцыны Іванам Данілавым.

– Якіх экспанатаў не хапае ў сучасных музеях Другой сусветнай вайны і пра якія факты нам не кажуць з афіцыйных трыбунаў?

 – Не хапае таго, што ў 1938 годзе на прыказ Сталіна былі знішчаныя Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) і Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ), Польская кампартыя і шмат якія лідары гэтых партый трапілі ў НКВД і былі расстраляныя. Чаму? Таму што Сталін ужо тады рыхтаваўся да сустрэчы з Гітлерам. Пра пакт Молатава-Рыбентропа ў музеях толькі на жоўценькіх лісточках напісана, а насамрэч нічога не сказана. Самае галоўнае, пакт Молатава-Рыбентропа – гэта была шырма, каб схаваць сакрэтны пратакол па раздзеле сфер уплыву. Што такое сферы ўплыву – гэта падзел Польшчы, захоп Прыбалтыкі, Фінляндыі і Бесарабіі. Але ў Фінляндыі Савецкая армія спаткала адпор і панесла вялікія страты. Яшчэ можна сказаць, што Фінская вайна падказала Гітлеру, што Чырвоная армія вельмі слабая. Тады ён стаў рыхтаваць план «Барбароса». Пра гэта ніхто не піша.

– Як Вы ставіцеся да сучаснай атрыбутыкі і сімволікі, якая выкарыстоўваецца ў святочныя дні – георгіеўскія стужкі, плакаты са Сталіным? Як па-вашаму, ці трэба ўвогуле адзначаць Дзень Перамогі?

– Трэба адзначаць больш сціпла. Калі адзін час я быў у Амерыцы, я спытаўся, чаму яны ніяк не адзначаюць гэтыя дні – ні перамогу над Нямеччынай, ні перамогу над Японіяй, якая прычыніла ім шмат шкоды. Яны кажуць, што і для пераможцаў, і для пераможаных вайна – гэта трагедыя. Мы не можам станавіцца падобнымі да дзікуноў, якія страцілі палову свайго войска і скачуць каля пераможнага вогнішча. Я лічу, што святкаваць трэба сціплей. А георгіеўскіх стужак стала настолькі шмат… Можа гэта было калісьці і добрым адзначэннем, але цяпер іх так шмат, што яны азначаюць проста імперскія амбіцыі Расеі. Я гэта так разумею. Таму я гэта не ўспрымаю ў дадатным значэнні. Вельмі негатыўна ўражваюць плакаты са Сталіным. Чаму зноў ён вярнуўся? Гэта чалавек, які загубіў не толькі шмат простых людзей, але і армію, якая была зусім непадрыхтаванай да вайны. Ён расстраляў 5 маршалаў, столькі генералаў, палкоўнікаў і гэтак далей. Ён паддаўся на правакацыю Гітлера праз Бэнэша, чэхаславацкага прэзідэнта. Таму найлепшых камандзіраў знішчылі. Таму Чырвоная армія напачатку вайны цярпела вельмі шмат паражэнняў.

Чытайце яшчэ: «Георгіеўская стужка – гэта нашая слава, гэта Расея…» Выказваюцца жыхары Гомля

Распаўсюднік савецкай сімволікі спужаўся белсатаўскай камеры

Берасцейскую крэпасць захапіў «расейскі свет». Фотафакт

Размаўляла Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары