Беларускага нацбола будуць судзіць за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе


Прэс-служба незарэгістраванай арганізацыі «Другая Россия» паведамляе, што былы жыхар Салігорску Ігар Шчука ездзіў на Данбас у якасці блогера.

Пра крымінальную справу Ігар Шчука даведаўся ад сваёй маці.

«Пазаўчора я тэлефанаваў маме, хацеў пацікавіцца ейным здароўем і сказаць, што я жывы і здаровы. У адказ на гэта яна мне паведаміла, што да яе ўжо не першы раз прыходзяць працаўнікі пракуратуры. Пыталіся, дзе я цяпер і што раблю. Ёй спрабавалі ўсунуць паперу аб тым, што я раскайваюся ў здзейсненых злачынствах, і патрабавалі ад яе подпісы, патлумачыўшы, што яна мой паручальнік. Як я зразумеў, крымінальная справа заведзеная за злачынства супраць чалавечнасці і за ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», – распавядае Ігар Шчука.

Увесну 2015 года Шчука разам з актывістамі «Другая Россия» зʼехаў у Крым. Пазней перабраўся на Данбас, дзе ў якасці блогера асвятляў узброены канфлікт, гаворыцца ў прэс-рэлізе нацболаў.

«Ігар ездзіў на Данбас добраахвотна, каб дапамагчы расейскім людзям, а не для заробку. Ён займаўся журналісцкай дзейнасцю і гуманітарнай дапамогаю. Вінаваціць яго ў найміцтве – бессаромна. З такім стаўленнем Бацька неўзабаве атрымае свой майдан, а дапамагчы яму не будзе каму», – папярэджвае расейская арганізацыя «Другая Россия».

«Мы паехалі ў Сімферопаль і дапамагалі там гэтак званым «ветлівым людзям». Пасля паехалі ў Данецк, там штурмавалі АДА, СБУ. Калі там сфармаваўся ўрад, мы паехалі ў Краматорск. Цяпер тут дапамагаем, як можам», – заявіў у чэрвені 2015 года ў інтэрвʼю радыё «Свабода» Ігар Шчука.

Ігар Шчука нарадзіўся ў Салігорску. Быў удзельнікам шэрагу акцыяў пратэсту пад сцягамі нацболаў. Неаднаразова падпадаў пад пераслед з боку ўладаў Расеі ды Беларусі. Непрацяглы час пісаў блог на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Праваахоўнікі Беларусі выявілі некалькі дзясяткаў падазраваных ва ўдзеле ў баявых дзеяннях ва Украіне. Паводле звестак беларускага МУС, у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны загінула 8 беларусаў. Публічна паведамлялася пра 4 выпадкі.

ЮВ, belsat.eu, паводле vk.com/drugoross, svaboda.org

Стужка навінаў