Беларускае «народнае мастацтва»: куры кураць, зубры – гуляюць у хакей


Напярэдадні Гэлаўіну згадалася пра народную творчасць – калі выразала зубы на страшнай грымасе аднаго з гарбузоў. Моднае свята дае нам магчымасць павыдурняцца і рэалізаваць свой творчы патэнцыял. На Гэлаўін народнае мастацтва збольшага эстэтычнае і густоўнае. Чаму ж тады іншыя нашыя святы часта атачае псеўдамастацкі трэш? – Піша Юлія Цяльпук.

У зомбі ці ведзьмака можна не апранацца, але свечкі запаліць у гарбузах ды жахліўчык паглядзець у добрай кампаніі – абавязковая праграма на Дзень усіх святых.

Трубка ў зубастым роце майго цыклопа – выглядае камічна і асацыюецца з іншым зробленым у Беларусі нацюрмортам. Бутэльку «Савецкага» сцерагуць смажаныя куры, прыбраныя ў кабету і мужчыну. Галовы іхныя – памаранчы, і адна з іх – не супраць прыкурыць.

Гэты эксклюзіў onliner.by знайшоў на адным з выбарчых участкаў, а журналісты ды інтэрнаўты ўвекавечылі ў адмысловых суполках сацыяльных сетак. Гартаючы іншыя экспанаты «народнага мастацкага трэшу», вынайшла, што куры-2015 яшчэ і плагіят! Першымі былі гэтыя – некалькі гадоў таму яны віншавалі вайскоўцаў з Днём абаронцы айчыны!

Аграрныя вынаходніцтвы таксама бязмежныя, але адзначыць хочацца менавіта букет з гародніны і кветак, з якога склалі дзяржаўны герб.

Інтэрпрэтацыяў пазлу з гуркоў, васількоў, бульбы і каўбасы было безліч і ніхто на дзяржаўным узроўні ані разу не выказаўся супраць гэтага. Сустрэць копію герба можна было падчас агравыставаў і на свята хлебаробаў. «Недалёка ад яго стаяла» і гэтая скульптура – напалову закапаная ў клумбу-апону жанчына з духмяным беларускім караваем.

Але ўсё – нічога ў параўнанні з упрыгожваннем на стэндзе мясакамбінату, дзе руплівыя прадавачкі паказалі безумоўны крэатыў – каўбасная царква з купалам і крыжам, як мае быць. Толькі для сапраўдных вернікаў!

А калі ты спартовец ці заўзятар, то мусіш усвяедамляць і сапраўдную зубрыную моц найлепшага хакеіста краіны.



Гэта толькі адзін з шэрагу звярыных экспанатаў Менскага абласнога краязнаўчага музею ў Маладзечна. «Называць усё гэта мастацкімі спробамі – складана» – перакананы эксперт у пытаннях культуры «Ліберальнага клубу» Вадзім Мажэйка:

– Спробы зрабіць нешта «прыгожае» на бытавым узроўні часцяком спараджаюць сумнеўныя з мастацкага пункту гледжання прыклады. Асноўная праблема публічнага мастацтва сучаснай Беларусі не ў такіх народна-наіўных творах (па-свойму мастацкі цікавых), а ў тым, што такі стыль узводзіцца ў ранг дзяржаўнае нормы. Тыя ж «Дажынкі», «Славянскі базар» і іншыя афіцыйныя святы часцяком прасоўваюць самую нізкапробную эстэтыку. Зрэшты, і гэта таксама ўплывае на свядомасць людзей і дае ім узоры таго «што такое мастацтва і прыгажосць». Што датычыць выкарыстання звяроў у творах, тут прычынай можа быць разрыў паміж сучаснай культурай і сялянска-архаічнай. Вядома, з пункту гледжання экалогіі, веганства, абароны жывёлаў і іншых трэндаў гэткія паводзіны выглядаюць сярэднявечным вычварэнствам. Але ж для аўтараў такіх кампазіцыяў тут няма нічога дзіўнага. Такое выкарыстанне жывёлаў цалкам упісваецца ў іх культурную норму.

Фота Алеся Матафонава

Культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі заўважыў, што нельга забывацца ў гэтым кантэксце пра агульную сітуацыю:

– Па-іншаму ня можа быць ва ўмовах разбурэння традыцыйнай культуры, адсутнасці пэўнай нацыянальнай ідэалогіі, занядбання традыцыяў і няведання ўласнае гісторыі культуры. Другое – гэта нязначнае знаёмства і таму – малая пераймальнасць шараговым чалавекам культурніцкага і мастацкага досведу з замежжа. Таксама важны момант – адсутнасць рынку мастацтва і адукацыі, якая прадугледжвала б знаёмства з каласальнымі ўласнымі традыцыямі і развівала б разнастайныя навыкі мастакоўскіх практыкаў з маленства… У гэтым кантэксце адсутнічае і мастацкая крытыка, як фактар рэгулявання рынку ды фармавання таго ж густу.



Фота Алеся Матафонава

– Я на гэтыя рэчы гляджу не вокам раздражнёнага сноба-эстэта, а ўсё ж як даследчык культуры і нацыянальнае ідэнтычнасці. Распад савецкай цэнтралізаванай ідэалогіі і дыктату савецкае ўніфікацыі ў модзе, дызайне і дэкаратыўна-ужытковым мастацтве прывёў да фармавання гэткае стыхійнае народнае культуры, што запаўняе нішы, утвораныя ў выніку распаду мінулай сістэмы. То-бок – гэта і ёсць НАРОДНАЕ МАСТАЦТВА, толькі ўжо не ва ўмовах драўлянае Беларусі з натуральнай гаспадаркаю і традыцыйным ладам жыцця.

Беларускія культурныя нормы

Гэтае народнае мастацтва схаванае ад турыста, які вывучае цікавінкі і славутасці перад наведваннем Беларусі. На старонках даведнікаў ці ў музейных архівах беларускае мастацтва прадстаўленае малярствам, ювелірнаю справаю. Рабілі тканіны, арнаменты, гафты, славіліся (і дагэтуль славімся!) слуцкімі паясамі, урэчанскім шклом. Калі ж казаць пра вясковае мастацтва, то яго развіццё дагэтуль трывае ў разьбярстве, ткацтве, працы з цэглаю ды саломкаю. Калі гаворка ідзе пра саломку, то маецца на ўвазе зусім ня гэтае:

Хоць і не выключаем, што выглядае ўсё вышэй паказанае – досыць пацешна.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў