Беларусь трапіла ў амерыканскі серыял «The Blacklist» пра агентаў ФБР

video

Паводле сюжэту, міжнародны фінансіст Леброн прапаноўвае беларускім чыноўнікам, рахункі якіх заблакавалі праз санкцыі, кампенсаваць страты ў замен на «адкат» у памеры 160 млн еўраў.

6-я серыя 4-га сезону серыялу «Чорны спіс» называецца «Дразды». Але ў серыяле Драздамі называць не рэзідэнцыю кіраўніка Беларусі, а групу хакераў, якія ўзламалі базу дадзеных ФБР.

«Прэзідэнт Злучаных Штатаў не Бог. Апошняе рашэнне прымае не ён. Ён абвінаваціў вас у парушэнні правоў чалавека, гандлі наркотыкамі, у арганізацыі перашкодаў дэмакратыі ды падпісаў загад № 13-405, замарозіўшы 760 млн еўраў вашых сродкаў. Я ж лічу, што вас незаслужана пазбавілі грошай на вядзенне бізнесу», – кажа герой серыялу беларускім чыноўнікам.

Беларусь не раз трапляла ў галівудскія кінастужкі.

Скот Вайпер «The Condemned» (2007 г.)

Паводле сюжэту, тэлепрадусар, які вырашыў зладзіць рэаліці-шоу на бязлюдным востраве, выцягвае з турмаў краінаў трэцяга свету злачынцаў, каб паказаць, як яны змагаюцца за права на жыццё. Першым удзельнікам смяротнай гонкі апынуўся беларус з Віцебскай калоніі (праўда, стваральнікі стужкі падпісалі кадр «Беларусь, Дзяржынск»). На вайсковай форме ахоўнікаў калоніі былі шаўроны з Пагоняю.

Стывен Спілберг «Terminal» (2004 г.)

Галоўны герой фільму Віктар Наворскі (Том Хэнкс) трапіў у пастку ў нью-ёркскім аэрапорце. Праз дзяржаўны пераварот у Кракозіі ён не можа вярнуцца да дому. Падчас праходжання мытнага кантролю Наворскі паказвае беларускамоўнае вадзіцельскае пасведчанне, выдадзенае жыхарцы Гомлю Гуліне Гульнары Надыраўне.

Джон Макнохтан «Lansky» (1999 г.)

Фільм распавядае пра лёс легендарнага гангстара Міёра Ланскі. Хлопец з небагатай сямʼі гарадзенскіх габрэяў уцякае ад казачых пагромаў у ЗША. У фільме мафіёзі ўвесь час узгадвае сваё дзяцінства і як гарадзенцы-хрысціяне сякерай забіваюць рабіна.

ЮВ, belsat.eu, паводле by24.org

Глядзі таксама
Каментары