Беларусь сама не пераможа сепаратыстаў


Сумесныя вучэнні скончыліся, расейскія войскі, нягледзячы на ўсе засцярогі аналітыкаў і вайскоўцаў НАТО – вяртаюцца дадому. А Лукашэнка ў апошні дзень манеўраў павучае заходніх журналістаў, маўляў бачыце – не было чаго баяцца. Павучае самотна, бо ні Уладзімір Пуцін, ні нават Сяргей Шайгу, што меўся замяніць свайго начальніка на завяршальнай частцы манеўраў у Беларусі не зʼявіліся. Чаму навучыўся афіцыйны Менск пасля гэтых манеўраў?

Атака сепаратыстаў умоўнай Вейшнорыі спраўна адбітая сумеснымі сіламі Расеі і Беларусі. Пасля разгрому варожых сілаў, Аляксандр Лукашэнка на палігоне пад Барысавам запэўніваў журналістаў, у тым, што расейскія войскі спраўна вяртаюцца на Радзіму, а заходнія краіны могуць не хвалявацца пра бяспеку сваіх межаў.

Аляксандр Лукашэнка: «Я хачу звычайнай чалавечай бяспекі». 

Але, відавочна ня менш увагі было прыцягнутай да іншага прэзідэнта – адсутнага на завяршальнай частцы манеўраў. Беларускі галоўнакамандуючы патлумачыў сваю самоту ваеннай хітрасцю.
Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«А калі снарад у адно месца – што, дваіх адразу не стане? Мы дамовіліся, што прэзідэнт Расеі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я ўжо – тут, у цэнтры»

Раней прэзідэнты не баяліся выпадковага снараду, ды разам назіралі за вучэннямі нават двойчы – і ў Расеі і ў Беларусі. Сённяшняя дэманстратыўная, пасля афіцыйных заяваў пра візіт спачатку Уладзіміра Пуціна, а пасля Сяргея Шайгу, адсутнасць высокіх расейскіх гасцей – відавочны і змрочны сігнал.

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў:

«Крэмль больш не спадзяецца на Беларусь у пытаннях нацыянальнай бяспекі. Бо гэта такі афіцыйны аргумент Менску, паводле якога Беларусь бароніць ня толькі сябе на заходнім накірунку, але і Расейскую Федэрацыю»

Масква пачала дэманстраваць сваё незадаволенне Менскам пасля адмовы стварыць у Беларусі расейскую авіябазу. Ад гэтага часу Крэмль паспеў у аднабаковым парадку аднавіць памежны кантроль на супольнай мяжы і размясціў цэлую мотастралковую дывізію ў 100 кіламетрах ад нашай краіны. І гэта не адзіная страта Беларусі пасля «Захаду».

Уладзімір Пуцін, фота – ТАСС

Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік:

«Беларусь выглядала ў гэтых вучэннях у ролі нейкага сатэліта Расеі і нават калі гэта насамрэч не зусім так, бо Беларусь перадусім у пытаннях вонкавай палітыкі праяўляе пэўную незалежнасць, але гэтыя вучэнні садзейнічалі менавіта такому негатыўнаму вобразу Беларусі, як марыянеткі Расеі».

То бок перамагаючы ўмоўную Вейшнорыю, афіцыйны Менск ня толькі прайграў інфармацыйна, але і прыхільнасці Крамля не вярнуў. Намагаючыся пацвердзіць сваю лаяльнасць, беларускія ўлады зацьмілі ўсе намаганні айчыннае дыпламатыі.

Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік:

«Беларусь-міратворца, Беларусь займае пазіцыю нейтралітэту ў канфлікце Расеі з Захадам і Украінай, Беларусь – гэта донар бяспекі, Беларусь – гэта Жанева-2, ці Хельсінкі-2. І вось на фоне гэтага вобразу гэтыя вучэнні моцна сапсавалі гэты вобраз і гэта, мне падаецца – галоўны вынік гэтых вучэнняў».

Але ў сваёй істоце манеўрам «Захад-2017» вялося не пра дыпламатыю і не пра імідж Расеі, ці Беларусі. З вайсковага гледзішча выходзіць на тое, што Беларусь самастойна не ў стане абараніцца нават ад нейкіх сепаратыстаў і ў любым канфлікце мусіць спадзявацца на дапамогу Крамля. Паводле вайсковага аглядальніка, тое недалёка ад праўды і на фоне такіх блізкіх хаўрусніцкіх дачыненняў тое выглядае прынамсі дзіўна.

Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік:

«Тут напрошваецца пытанне – чаму Расея, так сказаць не падцягвае тэхнічны ўзровень свайго хаўрусніка. Чаму камерцыя выходзіць на першы план, маўляў чаму з-за беднасці беларусаў мы не можам вам аддаваць зброю. То што атрымліваецца – калі заўтра вайна, калі заўтра ў паход – таксама будзем за грошы зброю купляць»?

З-за такіх дачыненняў хаўруснікаў толькі цяжэй назваць гэтыя вучэнні сапраўды супольнымі.

За інфармацыйным шумам вакол «Захаду» Расея на сваёй тэрыторыі праводзіць буйныя вучэнні з удзелам дзясяткаў тысяч сваіх жаўнераў. А беларускі накірунак атрымліваецца не такім і істотным для штабістаў Крамля.

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў:

«Сумесныя беларуска-расейскія вучэнні ўпісаныя ў больш стратэгічны кантэкст, але ўпісаныя менавіта расейскім бокам, бо Беларусь да тых вучэнняў ніякага дачынення ня мае. Больш за тое – тыя вучэнні носяць адкрыта правакацыйны характар, пад час якіх гуляецца сцэнар канфлікту Расеі з НАТО».

Які ж сцэнар адпрацоўвала Масква ў Беларусі? Улічваючы адсутнасць каардынацыі саюзнікаў на афіцыйным узроўні, цяжка зразумець, хто для Крамля Вейшнорыя, а хто – хаўруснік

Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў:

«Усе сцэнары апошніх гадоў, яны як раз тое пацвярджаюць – калі на тэрыторыі Беларусі адбудзецца нейкая дэстабілізацыя ваенна-палітычнай сітуацыі, то расейцы проста выкарыстаюць гэта, як нагоду для ваенна-палітычнага ўмяшальніцтва».

Магчыма ў гэтым сакрэт хаўрусу Менску і Масквы. Бо дзейным беларускім уладам такая пагроза надзвычай выгодная. Пры ўсіх парушэннях правоў чалавека, фальсіфікацыях выбараў, ствараецца ўражанне, што існы рэжым – адзіны магчымы. Бо, маўляў, у іншым выпадку пабачым крымскі сцэнар. Праўда, вярнуць Украіну ў Крамля, нягледзячы на ўсю сваю моц, гэтак і не атрымалася.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет». Іншыя тэмы праграмы: 

  • Андрэй Паротнікаў: «Шайгу асабіста абразіў Лукашэнку»
  • Алесь Лагвінец: «Крэмль паказвае Лукашэнку ягонае месца»
  • Ці Украіна перажыве яшчэ адзін Майдан?
  • «Большасць каталунцаў ніколі не адчувалі сябе іспанцамі»
  • Незнішчальная фрау Мэркель. Як Масква змагаецца за Берлін?

 

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары