Беларусь ізноў лідар у тэмпе інфляцыі ў СНД і Еўразійскім саюзе


Што сёлета расце лепей: садавіна ці гародніна? – запыталася ў мяне прадавачка на рынку. І адразу ж з усмешкаю адказала – кошты! І сапраўды, Беларусь ізноў лідар у тэмпе інфляцыі ў СНД.

Тройка краінаў СНД з самай высокай інфляцыяй застаецца нязменная.

Узначальвае яе Беларусь, з ростам коштаў на спажывецкія тавары 0,7 адсотка, на 0,4 адсотка адбыўся рост у Расеі ды на 0,3 у Казахстане. Агульная карціна выглядае больш яскравай на больш доўгай адлегласці – са снежня 2013 да сёлетняга траўня кошты выраслі на 24 адсоткі. Для параўнання ў Расеі – на 21, а ў Казахстане – усяго на 9.

Больш за ўсё ў мінулым месяцы падаражэлі цукар – ажно на 9,4 адсотка, гарбата на 2,6 адсотка, макаронныя і кандытарскія вырабы на 1,3 адсотка. А вось з пачатку года безумоўным лідарам стала садавіна – ажно 39,2 адсотка, гародніна на 26,5 адсотка, алей, які падаражэў на 23,7 адсотка, а таксама рыба і морапрадукты – з ростам 21 адсотак. У сярэднім з пачатку года кошты на харчы выраслі на 6 адсоткаў.

Адбылося і пэўнае зніжэнне цэнаў на некаторых пазіцыях. Гэтак, за травень знізіліся кошты на гародніну на 5 з паловаю адсотка, бульба патаннела на 1,2 адсотка, масла на паўтара адсотка, алей – на 0,4.

Рост коштаў закрануў не толькі харчы. Значна падаражэлі лекі, побытавая хімія, паслугі ЖКГ. З улікам гэтага рэальны сярэдні прыбытак насельніцтва з пачатку года не вырас, а нават панізіўся.

Алег Ражкоў, belsat.eu

Стужка навінаў