Беларусь і Кітай хочуць адмяніць візы да 30 дзён


Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін падчас сустрэчы на форуме «Адзін пояс – адзін шлях». Пекін, 16 траўня 2017 года.

Гэткага тэрміну можа быць недастаткова: палова кітайцаў, якія прыязджаюць да нас, праводзяць у Беларусі больш за месяц.

16 траўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Пекіне са старшынём КНР Сі Цзін Пінам. Падчас сустрэчы лідары абедзвюх краінаў падсумавалі вынікі форуму «Адзін пояс – адзін шлях», абмеркавалі дзейнасць індустрыяльнага парку «Вялікі камень» ды супрацы ў інвестыцыйнай і крэдытна-фінансавай сферы.

Адной з тэмаў перамоваў стала развіццё турызму паміж Беларуссю і Кітаем.

«Краіны вывучаюць магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён. Кіраўнікі дзяржаваў даручылі кампетэнтным органам прадметна прапрацаваць гэтае пытанне», – падае прэс-служба Лукашэнкі.

Цяпер паміж краінамі дзее бязвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпламатычных або службовых пашпартоў, а таксама турыстычных груп. Таксама існуюць адпаведныя дамоўленасці аб кароткіх паездках у некаторыя гарады Кітаю. КНР – у спісе 80 краін, грамадзянам якіх можна знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу пяці дзён.

Кітайцы – адныя з самых актыўных турыстаў у свеце. Летась у замежныя падарожжы з Кітаю выправілася 120 млн чалавек, з іх каля 50 млн наведалі еўрапейскія краіны. Беларусь штогод наведваюць усяго толькі некалькі тысяч грамадзянаў Кітаю, палова з іх знаходзіцца ў краіне больш за 30 дзён.

ДД

Глядзі таксама
Каментары