Бабруйская міліцыя выдае дазволы на галадоўкі?


Чацвёра звольненых працаўнікоў Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) завяршылі галадоўку, не дабіўшыся аднаўлення на працы. Міліцыя абвінавачвае іх у правядзенні несанкцыянаванай акцыі, падаюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

«Галадоўку спынілі, таму што сэнсу няма», – сказаў удзельнік галадоўкі Мікалай Жыбуль.

На сёння ўдзельнікі акцыі пратэсту былі позвамі выкліканыя ў міліцыю. «На нас склалі пратаколы, будзем чакаць позвы ў суд. Палічылі, што мы праводзілі несанкцыянаваную акцыю. Кажуць, што на галадоўку мы мусілі спытаць пра дазвол ў іх», – распавёў працаўнік.

Паводле яго, міліцыя абвінаваціла галадоўнікаў у парушэнні парадку правядзення сходу (пункт 1 артыкулу 23.34 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў). Галадоўнікі вінаватымі сябе не прызнаюць. «Якія мы вінаватыя? Мы – ахвяры. Мы ні перад кім не вінаватыя», – заявіў спадар Жыбуль.

Былыя працаўнікі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка 5 лістапада абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкаму. Працаўнікі сцвярджалі, што іх незаконна звольнілі праз іх чалецтва ў незалежным прафсаюзе. Ім двойчы даводзілася пакідаць гарвыканкам па патрабаванні міліцыі і чыноўнікаў. 6 лістапада чацвёра галадоўнікаў працягнулі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной заводу. На выходныя яны перарывалі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада. У той жа дзень удзельнікі акцыі былі дастаўлены ў міліцыю, дзе іх вусна папярэдзілі аб магчымай адказнасці за несанкцыянаваную акцыю пратэсту.

Месяц таму чальцы пярвічнай арганізацыі СПБ заводу пісалі адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім абвінавацілі дырэктара прадпрыемства Аляксандра Аграновіча ў падрыве эканамічнага стану дзяржавы, бо той звальняе высокакваліфікаваных працаўнікоў, пераследуючы іх праз прыналежнасць да Свабоднага прафсаюзу.

14 лістапада працаўнікі атрымалі адказ на свой ліст, адрасаваны кіраўніку дзяржавы, з адміністрацыі прадпрыемства. У ім гаворыцца пра аптымізацыю колькасці кадраў на заводзе і пра тое, што звальненне падпісантаў не звязана з сяброўствам у СПБ.

МЯ, ЮВ, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў naviny.by, БелаПАН

Стужка навінаў