У беларусаў ёсць і сытная простая вясковая кухня, і вытанчаныя кулінарныя традыцыі шляхты.У Менску ўпершыню адбылася дэгустацыя кухні заможных беларусаў XIX стагоддзя.
Гасцям у шляхецкім доме падчас застолля прапаноўвалі 12 страваў. На добры пачатак – гарачы безалкагольны збіцень, іржаныя мядовыя пранікі, агурочнае печыва і шляхецкія цукеркі… без цукру.
Гісторык кулінарыі ды эксперт беларускай кухні Алена Мікульчык распавядала гасцям пра кожную са страваў.
Сярод традыцыйных алкагольных напояў у беларускай шляхты карысталіся папулярнасцю медавуха, крамбамбуля, настойка з ядлоўцу ды з хрэну. З моцных напояў беларускія шляхетныя дамы абіралі памеранцаўку – настойку на апельсінавых корках.
Сярод галоўных страваў па-сапраўднаму гарачаю была ўлюбёная сярод шляхцічаў бараніна фламбэ, якую сервавалі яшчэ палаючай. Паводле дэгустатараў, не менш смачным быў і судак у таплёным масле.
На дэсерт наведнікі кавярні “Ynot” атрымалі кошычкі са ўзбітымі вяршкамі, чарніцамі ды журавнава-апельсінавым сіропам.
АС/МЛ. belsat.eu