Баранавіцкага актывіста з прафсаюзу РЭП кінулі на рэйкі, калі ён збіраўся на акцыю ў Менск

video

21 кастрычніка Рыгора Грыка затрымалі на пероне вакзалу перад пасадкай у цягнік, на якім ён планаваў ехаць у сталіцу, дзе ў той дзень праходзіла акцыя пратэсту «Марш абураных беларусаў».

Затрымлівалі актывіста супрацоўнікі ў цывільным.

Як распавядае актывіст у выкладзеным сёння відэа, ён выйшаў з дому і каля пад’езду яго ніхто не затрымаў (як адбываецца звычайна). Ён скіраваўся на вакзал, каб ехаць на акцыю пратэсту «Марш абураных беларусаў».

«Хацеў выйсці на перон. Пабачыў міліцыянтаў у грамадзянскім. Уключыў тэлефон на відэазапіс. Дарогу загарадзілі дзве асобы, адзін нешта дастаў з кішэні, паказаў і сказаў аддаць пашпарт», – распавядае Грык.

Грык аддаў пашпарт. Міліцыянт сказаў, што актывіста забяруць у баранавіцкую міліцыю.

«Я спытаў, за што, і сказаў альбо складаць пратакол на месцы, альбо адпусціць. Я хацеў прайсці да цягніка. Заўсёды міліцыянт біў мяне ў жывот, правакаваў, каб я яму адказаў, каб было за што затрымліваць. Яны мяне штурханулі і я ўпаў на рэйкі».

Актывіст здымаў усё на камеру. Ён дайшоў да сябе і папрасіў міліцыянтаў ЖД, якія прыбеглі, адрэагаваць. Аднак тыя сказалі, каб Грык разбіраўся сам. Мужчына пачаў вызываць 102, але міліцыянт у цывільным выхапіў тэлефон. Грыка падхапілі пад рукі і пацягнулі да прыпынку таксі.

«Падышоў неабыякавы грамадзянін, спытаў, што адбываецца. Я сказаў, што мяне ў пяты раз ні за што затрымліваюць. Пазней падʼехала аўта, мяне адвезлі ў ГУУС», – распавядае Грык.

Спачатку міліцыянты казалі, што ў пасёлку, дзе жыве Грык, нешта скралі. Пасля адвялі ў кабінет да маёра Паўлені, дзе ён сказаў, што Грык – сведка.

«Ён сказаў, што 15 чысла ў інтэрнэце зʼявілася інфармацыя, што ў Баранавічах нехта праводзіў пікет, таму мяне прывезлі ў якасці сведкі. Я паказаў пашпарт і квіток, каб даказаць, што вярнуўся ў Беларусь 17-га. Мне далі тэлефон вызваць адваката і хуткую дапамогу», – кажа актывіст.

Аднак Паўленя сказаў, што хуткая і адвакат не патрэбныя, а міліцыянты не хацелі аддаць тэлефон. У выніку, яны выдалілі запіс збіцця ды іншыя відэа, пасля чаго аддалі прыладу. Агулам актывіста пратрымалі ў міліцыі больш 4 гадзінаў.

«Усё зрабілі для таго, каб я нікуды не паехаў», – кажа Грык.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары