Баевікі ЛНР узнагародзілі расейскага спевака і дэпутата Іосіфа Кабзона


Узнагароджанне Іосіфа Кабзона ў «ЛНР». Фота ukranews.com

Расейскага спевака Іосіфа Кабзона ўзнагародзілі «ганаровым знакам адміністрацыі Луганску за заслугі перад Луганскам». Адбылося гэта падчас чарговага візіту дэпутата Дзярждумы Расеі на Данбас.

«Гэта высокае прызнанне. Я ганаруся гэтым прызнаннем і гэтымі высокімі ўзнагародамі. Але заўтра іх ужо не ўбачаць на маіх грудзях, я не нашу ўзнагарод. У мяне ёсць высокая ўзнагарода Народнага артыста Савецкага Саюзу – гэта мая ўзнагарода», – так пракаментаваў падзею Кабзон.

Ён адзначыў, што не баіцца санкцыяў Захаду і ў далейшым гатовы прыязджаць да баевікоў на Данбас.

«Вы ведаеце, за што вы змагаецеся, вы гатовыя аддаць жыццё за свабоду, як вашыя прадзеды і дзяды аддавалі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таму я шчаслівы, што крышку майго ўдзелу ў вашай вялікай барацьбе ўсё ж ёсць», – сказаў спявак.

Ён паведаміў, што ў бліжэйшыя дні таксама наведае самаабвешчаную Данецкую народную рэспубліку, у якой спявак ужо запланаваў шэраг мерапрыемстваў.

Раней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін уручыў спеваку і дэпутату Дзярждумы Іосіфу Кабзону залаты медаль «Героя працы» за гуманітарную дапамогу і канцэрты на акупаваных тэрыторыях Данбасу.

МЯ, паводле ria.ru

Глядзі таксама
Каментары