Азербайджан абвесціў пра знішчэнне штабу армянскіх сілаў у Нагорным Карабаху


Міністэрства абароны Азербайджану паведамляе пра гэта на сваім сайце.

«Дакладным ударам, нанесеным азербайджанскімі войскамі, знішчаны камандна-штабны пункт узброеных сілаў Арменіі, які дзеяў на акупаваных (Баку лічыць тэрыторыю Нагорнага Карабахуанексаванаю) азербайджанскіх тэрыторыяў. У выніку забітая вялікая колькасць жаўнераў суперніка, уключаючы афіцэраў у званні генерал і палкоўнік», – гаворыцца ў паведамленні азербайджанскага вайсковага ведамства.

Міністэрства абароны непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

«Чакаем відэадоказаў, пра якія кажа азербайджанскі бок. Толькі што яны могуць падаць, калі ніякага знішчэння камандна-штабнога пункту не было. А казаць пра смерць генералаў і палкоўнікаў – наагул лішняе», – заявіў прэс-сакратар ведамства НКР.

Пры гэтым Міністэрства абароны Нагорна-Карабахскай Рэспублікі паведамляе пра 300 забітых азербайджанскіх жаўнераў і 20 падбітых танкаў. Азербайджанскі бок зняпраўджвае гэтую інфармацыю.

Раніцай 4 красавіка Міністэрства абароны Арменіі паведаміла, што жорсткія баі ідуць па ўсёй лініі судакранання ў Нагорным Карабаху. У Баку таксама пацвердзілі гэтую інфармацыю.

4 красавіка падчас сустрэчы з амбасадарамі краінаў АБСЕ прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян заявіў, што абвастрэнне канфлікту ў Нагорным Карабаху можа перарасці ў поўнамаштабную вайну. Пра гэта ў панядзелак.

«Эскалацыя баявых дзеянняў можа прывесці да непрадказальных і незваротных наступстваў, аж да поўнамаштабнай вайны», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Перамірʼе ў зоне карабахскага канфлікту парушылі ў ноч на 2 красавіка.

Карабахскі канфлікт – этнапалітычны канфлікт паміж азербайджанцамі і армянамі, які мае даўнія гістарычныя і культурныя карані. У гады перабудовы перайшоў у фазу ўзброенага канфлікту (1987–1988), на фоне рэзкага ўздыму нацыянальных рухаў у Арменіі і Азербайджане. 5 траўня 1994 года быў падпісаны Бішкекскі пратакол аб замірэнні ды спыненні агню паміж Арменіяй і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай з аднаго боку ды Азербайджанам з другога боку.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru

Стужка навінаў