Аршанскі райвыканкам узначаліў памочнік Лукашэнкі


У траўні на пасаду старшыні Аршанскага райвыканкаму быў прызначаны Леанід Пянькоўскі, аднак ужо праз 10 дзён да яго ў дом уварваліся сілавікі. Тады Лукашэнка загадаў Следчаму камітэту «разабрацца» з гэтай справай. Сёння прэс-служба кіраўніка краіны паведаміла, што Аршанскі райвыканкам узначаліць Аляксандр Пазняк.

Апошнія паўтары гады Аляксандр Пазняк працаваў памочнікам прэзідэнта – інспектарам па Віцебскай вобласці.

Паводле прэс-службы Лукашэнкі, былы старшыня Аршанскага райвыканкаму Пянькоўскі «зразумеў, што праз стан ягонага здароўя будзе цяжка даць рады пастаўленым задачам».

«Сёння Ворша не проста на слыху. Такіх у нас некалькі рэгіёнаў, і на прыкладзе Воршы мы павінны паказаць, як будзем іх развіваць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што Аляксандр Пазняк – кіраўнік, які пагружаны ў гэтыя пытанні. Скіроўваць у раён новага чалавека з боку – значыць, адцягнуць мінімум на паўгода аднаўленне рэгіёна.

«Яго рэканструяваць, мадэрнізаваць трэба. А вы чалавек, які ў гэта пагружаны. Гэта вам прэзідэнцкае даручэнне. Без маёй увагі вы там не застанецеся. Я раз на год там звычайна бываю, і для мяне гэта пытанне прынцыповае», – цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

12 траўня 2017 года старшынёй Аршанскага райвыканкама быў прызначаны Леанід Пянькоўскі. А праз 10 дзён прэзідэнт Беларусі даў даручэнне кіраўніку СК разабрацца – чаму да ўрадоўца сілавікі ўрываюцца ў хату?

«Хто даў права да чалавека, узгодненаму да прызначэння прэзідэнтам, урывацца ў хату? Для таго ж, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, трэба згода прэзідэнта», – абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

На пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкама Леанід Пянькоўскі прапрацаваў менш за тры месяцы. Пра яго новае прызначэнне не паведамляецца.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў