Арменія ўвайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз


Кіраўнікі краінаў Еўразійскага саюзу падпісалі дамову аб прыняцці ў аб’яднанне Арменіі.

Лідары Расеі, Беларусі і Казахстану падпісалі дамову аб далучэнні Арменіі да Еўразійскага эканамічнага саюзу, паведамляе armini.nfo.

«Спадзяемся, што ўжо ў першыя 1-2 гады мы ўбачым станоўчы макраэканамічны рост. Пасля зняцця мытных і адміністрацыйных бар’ераў гэтая тэндэнцыя ўмацуецца. Мы лічым, што павялічацца рэальныя даходы насельніцтва, ВУП і падвысіцца ўзровень занятасці», – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Еўразійскі эканамічны саюз пачне паўнавартасна працаваць з 2015 года пасля ратыфікацыі дакументу парламентамі ўсіх краінаў-удзельніцаў пагаднення.

Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян – аўтарытарны лідар, які істотна ўзбагаціўся на імпарце ў Арменію нафтапрадуктаў. У 2008 годзе апазіцыя распачала пратэсты, не прызнаючы яго выбрання ў прэзідэнты. Усе пратэсты былі жорстка задаўленыя, у сутычках мітынгоўцаў з сілавікамі загінула 8 чалавек. У краіне на 20 дзён быў абвешчаны надзвычайны стан.

МЯ, belsat.eu, паводле arminfo.info, lb.ua

Глядзі таксама
Каментары