Чарговы тэст на лібералізацыю для афіцыйнага Менску. Прадстаўнікі аргкамітэту святкавання Дня Волі падалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка.
Пад заяўкаю на правядзенне акцыі подпісы паставілі 8 асобаў, у тым ліку Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч. Апошні агучыў асноўныя лозунгі, пад якімі плануецца сёлетняя акцыя.
«Пагроза незалежнасці і эканамічны крызіс – галоўныя выклікі зараз для Беларусі. Пад гэтымі лозунгамі і пройдзе Дзень Волі ў гэтым годзе», – зазначае Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ.
Месца збору ўдзельнікаў акцыі запланаванае на пляцоўцы перад Акадэміяй Навук з 6 да 7 гадзіны ўвечары. Пасля арганізатары плануюць марш у бок плошчы Якуба Коласа. У адрозненні ад папярэдніх шэсцяў, гэтым разам палітыкі не чакаюць жорсткай рэакцыі з боку ўладаў.
«Відавочна, што прынамсі пакуль Беларусь не атрымае крэдыту ад МВФ акцыі разганяцца не будуць», – прагназуе Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі БХД.
Што да колькасці ўдзельнікаў, арганізатары не ставяць сабе завялікай планкі. Калі атрымаецца перабіць мінулагоднюю колькасць, а летась на Дзень Волі выйшлі каля тысячы чалавек, арганізатары будуць лічыць акцыю паспяховаю.
«У сённяшніх умовах калі прыйдзе 2-3 тысячы чалавек – гэта будзе някепска», – мяркуе Аляксей Янукевіч.
Арганізатары сёлетняга Дня Волі заклікаюць далучыцца да акцыі ўсіх, асабліва прадпрымальнікаў, якія трэці месяц дамагаюцца адмены ўказу № 222 пра абавязковую сертыфікацыю.
Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»