Анжэліка Борыс: трэба цікавіцца «гэтай палітыкай» і не даваць сябе затуманіць ды запалохаць


«Не цікаўлюся палітыкай». Гэта фраза гучыць у нашым штодзённым жыцці дастаткова часта. Перад выбарамі – нават занадта часта. Хоць цяжка казаць пра выбары, якія ў Беларусі – без выбару». Старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжэліка Борыс пасля допытаў у Дзяржкантролі піша, чаму варта цікавіцца палітыкай.

«Мы гаворым так, бо палітыка падаецца чымсьці далёкім. Але яе наступствы – вышэйшыя падаткі, новыя аплаты, забароны і ўказанні – раптам становяцца чымсьці беспасярэдне адчувальным.

Мы гаворым так, бо палітыка мае рэпытацыю чагосьці бруднага« і ўвогуле «страшнага». Маеш іншыя погляды – палітыка, належыш да Саюзу палякаў – палітыка, адпраўляеш дзяцей на імпрэзу, арганізаваную Саюзам, нават на ялінку, – палітыка. І дырэктар школы выклікае настаўніцу польскай мовы ды пагражае ёй звальненнем, калі дзеці пойдуць на гэтую імпрэзу.

Кіраўнікі вельмі хочуць, каб грамадзяне палітыкай не цікавіліся. Каб лічылі яе чымсьці брудным, нягодным, словам – каб моцна баяліся і давалі ім спакойна ёю займацца, не стваралі канкурэнцыі. І перадусім – не задавалі нязручных пытанняў.

Палітыка – складаная рэч. У дэмакратычнай дзяржаве кіруе кожны з нас. Кожны з нас кіруе сваім горадам, выбірае мясцовыя ўлады.Гэта вельмі складаныя рэчы. А ў недэмакратычнай сістэме ўлада вырашае ўсё, і няхай толькі хтосьці паспрабуе думаць інакш, а тым больш – прэтэндаваць на выбарах. Крымінальны артыкул адразу знойдзецца і турма гарантаваная!

І адразу маеш «апекуноў» з КДБ. Тады ўласна і пачынаецца «палітыка». Запалохванне, шантаж, крымінальныя справы і г.д. Так што варта цікавіцца палітыкай і не даваць сябе затуманіць ды запалохаць»

На мінулым тыдні Анжэліку Борыс дапытвалі ў Камітэце дзяржкантролю. Раней Борыс інфармавала пра выклікі настаўнікаў польскай мовы і дзеячаў Саюзу палякаў.

Падчас допыту ў яе запыталі, ці ведае яна, што дзейнасць Саюзу – нелегальная. Пры гэтым спасылаліся на ліст з Міністэрства юстыцыі. Да гэтага часу актывістаў СПБ не спрабавалі прыцягваць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У 2005 годзе ўлады Беларусі не прызналі вынікаў з’езду арганізацыі, на якім Борыс абралі кіраўніцаю, ды загадалі правесці новы з’езд. Ад 2005 году СПБ мае два кіраўніцтва – адно прызнае Менск, другое, што абіраюць дэмакратычна, – прызнаюць улады Польшчы і дзеячы СПБ.

КР / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў