Ангела Мэркель: Будзем уводзіць санкцыі да таго часу, пакуль гэта будзе патрэбна


Еўропа будзе працягваць уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Расеі «да таго часу, пакуль яны будуць неабходныя», – заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель. Сёння міністры замежных справаў ЕЗ абмяркуюць магчымасць увядзення новых абмежаванняў у дачыненні Масквы.

«Расея парушае тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны і ўспрымае яе як зону свайго ўплыву.Пасля дзвюх сусветных войнаў і канца халоднай вайны гэта ізноў ставіць пад пагрозу мірны парадак у Еўропе. Гэта вынік дзеянняў Расеі, скіраваных на дэстабілізацыю ўсходняй Украіны», – сказала Мэркель.

Канцлер Нямеччыны заявіла, што Еўропа будзе рабіць усё магчымае, каб пераадолець крызіс: «Па-першае, мы падтрымліваем Украіну і палітычна, і эканамічна. Па-другое, мы не будзем шкадаваць намаганняў, каб канфлікт быў развязаны дыпламатычным шляхам. І па-трэцяе, мы будзем уводзіць эканамічныя санкцыі супраць Расеі да таго часу, пакуль гэта будзе патрэбна».

Гэтыя заявы прагучалі на наступны дзень пасля завяршэння саміту «Вялікай дваццаткі». Падчас форуму Барак Оўбама наўпрост звінаваціў Расею ва ўварванні ва Украіну. Шэраг заходніх краінаў папярэдзілі Маскву аб новых санкцыях, якія будуць уведзеныя, калі Расея не выведзе свае войскі і зброю з тэрыторыі Данбасу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў