Анджэй Дуда пастанавіў накласці вета на законы аб Вярхоўным Судзе і Нацыянальнай судовай радзе


Прэзідэнт Польшчы заявіў, што змены ў судовай сістэме неабходныя, але ён не згодны з ідэяй умацавання ўлады Генеральнага пракурора і Вярхоўнага Суда.

Дуда таксама падкрэсліў, што згодна з прававымі традыцыямі Польшчы, генеральны пракурор ніколі не мог умешвацца ў працу Вярхоўнага суда.

Кіраўнік дзяржавы выказаў шкадаванне, што праект закону аб Вярхоўным судзе спачатку трапіў у Сейм, а толькі пасля да яго. Ён падкрэсліў, што зʼяўляецца прыхільнікам судовай рэформы, але «мудрай рэформы».

Прэзідэнт прыслухаўся да Зоф’і Рамашэўскай

Дуда сказаў, што ён правёў шматлікія кансультацыі з юрыстамі, палітыкамі, філосафамі, сацыёлагамі, але перадусім з Зофʼяй Рамашэўскай (з 2015-га – грамадскі дарадца прэзідэнта Польшчы), якая, як ён прызнаўся, аказала вырашальны ўплыў на ягонае рашэнне.

«Спадарыня Зофʼя сказала мне словы, якія ўразілі мяне больш за ўсё: Я жыла ў краіне, у якой Генеральны пракурор мог дазволіць сабе ўсё што заўгодна, і я не хачу вяртацца ў гэтую краіну», – сказаў Дуда.

Праекты будуць прэзідэнцкія

Дуда адзначыў, што на працягу двух месяцаў ён падрыхтуе новыя законы аб Вярхоўным судзе і Нацыянальнай судовай радзе.

Законы аб рэформе судовай сістэмы выклікалі хвалю пратэстаў па ўсёй краіне. Людзі цягам васьмі дзён масава выходзілі на вуліцы ў больш чым 140 гарадах Польшчы. Пратэставалі таксама за мяжой пад амбасадамі ў Берліне, Лондане і Капенгагене. Мітынгі былі запланаваныя і на сёння.

Крытыкі праекту кажуць, што закон забівае судовую незалежнасць і пагражае вяршэнству закона. Кіроўная партыя «Права і Справядлівасць» заяўляе, што рэформа неабходная для павышэння эфектыўнасці работы суда і канчатковага разрыву з суддзямі і практыкамі камуністычнай эпохі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў