Андрэй Вардамацкі: За ўваход у склад Расеі – 5–7 % рэспандэнтаў у Беларусі


Колькі беларусаў за Саюз з Расеяй і за Еўразвяз? Упершыню вынікі новага сацыялагічнага апытання ў інтэрвю з доктарам сацыялагічных навук, дырэктарам Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэем Вардамацкім.

Вы правялі сацыялагічнае даследаванне, у якім падсумавалі вынікі 2016 года. Яны яшчэ нідзе не публікаваліся. Найбольш зацікавіў геапалітычны выбар беларусаў. Што беларусы больш выбіраюць: саюз з Расеяй ці Еўразвяз?

Сапраўды, праводзілася такое агульнанацыянальнае рэпрэзентатыўнае сацыялагічнае даследаванне. Размеркаванне адказаў рэспандэнтаў адбылося наступным чынам: аб прарасейскай пазіцыі заявілі прыкладна 65 % рэспандэнтаў, аб праеўрапейскай – 20 % рэспандэнтаў. Калі казаць вельмі агульна.

Часцяком у сацыялагічным даследаванні вельмі важную ролю грае сама фармулёўка пытання. Як у Вашым даследаванні гучала гэтае пытанне?

Пытанне фармулявалася наступным чынам: «У якім саюзе дзяржаваў, на Вашую думку, народу Беларусі жылося б лепей: у саюзе з Расейскай Федэрацыяй ці з Еўрапейскім Звязам?» Лічбы, што я назваў, ёсць адказамі на пытанне менавіта ў такой фармулёўцы. Гэта свайго кшталту інтэграцыйныя настроі.

Я быў здзіўлены з гэтых вынікаў, бо мне падавалася, што беларусаў, якія абіраюць Еўрапейскі Звяз як месца, дзе беларусам было б лепей жыць, крыху больш – можа не 20, але 40 %. Пра што могуць сведчыць такія вынікі? Што паўплывала менавіта на такі выбар рэспандэнтаў Вашага даследавання?

Гэты вынік заканамерна вынікае з той сацыяльнай сітуацыі, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь. Ёсць вялікая колькасць прычынаў. Я назаву чатыры асноўныя, якія тлумачаць размеркаванне адказаў.

Першае – гэта дамінанта расейскіх медыяў у беларускай медыяпрасторы. Раней гэтая дамінанта была абсалютная, цяпер мы назіраем некаторыя зрухі – пайшоў беларускі інфармацыйны прадукт на экраны, тэлевізійныя шоу, навіны і гэтак далей, – але дамінанта гэтая захоўваецца.

Другая прычына – эканамічная залежнасць ад Расеі. Гэта добра разумеюць эксперты, палітыкі, спецыялісты-эканамісты, але галоўнае, што гэта ўспрымае насельніцтва.

Трэці момант – цяжкасці, праз якія цяпер праходзіць сама Еўропа: перш за ўсё гэта ўцекачы, другое – брэкзіт. Прычым уцекачоў уяўляюць такім чынам, што гэта тысячныя натоўпы людзей, якія проста апанавалі ўсе еўрапейскія вакзалы. Так гэта прэзентуецца ў расейскіх медыях, а часцяком і ў беларускіх. Таму гэта ўспрымаецца як праблема, што зашкальвае.

Што да брэкзіту – хаця гэтая зʼява і адбылася ў Вялікай Брытаніі, але прэзентуецца і ўспрымаецца так, што гэта толькі пачатак, а потым пойдуць іншыя «экзіты». Людзі ўспрымаюць гэта так, што Еўропа развальваецца.

Акрамя таго, вельмі важнаю прычынаю для беларусаў ёсць тое, што з боку Еўрапейскага Звязу так і не было яснага, выразнага і адназначнага палітычнага мэсіджу: мы бачым вас і чакаем праз нейкі час у сямʼі еўрапейскіх народаў. І гэта фармуе ўяўленне ў свядомасці беларусаў, што іх не чакаюць у Еўропе, там для іх няма месца.

Якія вынікі паказалі Вашыя даследаванні даверу беларусаў да незалежных медыяў, дзяржаўных беларускіх медыяў і расейскіх медыяў?

Я адкажу на Вашае пытанне, але зраблю невялічкую заўвагу. Калі паставіць пытанне пра геапалітычную арыентацыю крыху інакш, «Ці хацелі б Вы ўступлення ў склад Расейскай Федэрацыі ў строга юрыдычным сэнсе?», то размеркаванне адказаў зусім іншае – толькі 5–7 % рэгулярна адказваюць, што яны хацелі бы такога ўступлення. Гэта важна.

Што датычыць медыяў, то паводле сітуацыі на снежань расейскія сродкі масавай інфармацыі выклікаюць найбольшы давер. Далей ідуць афіцыйныя беларускія медыі, а далей беларускія недзяржаўныя медыі – такая іерархія, ёсць адпаведныя лічбы ды індэксы.

Ці можаце Вы ацаніць тэндэнцыю даверу да беларускіх дзяржаўных ці незалежных медыяў?

Тут ёсць працяглая дынаміка: былі ўзлёты і падзенні. Калі казаць пра сітуацыю снежня, то відавочны ўздым узроўню даверу адначасова як да беларускіх афіцыйных, так і беларускіх недзяржаўных медыяў.

Відэаверсія размовы ў поўным выданні «Прасвету».[/vc_column_text][vc_video link=”“][/vc_column][/vc_row]Размаўляў Сяргей Пеляса belsat.eu

Стужка навінаў