Ананімныя паклёпшчыкі хочуць зачыніць музей на Шаркаўшчыне


Жыхары незадаволеныя дзеяннямі незычліўцаў, мясцовыя ўлады не рэагуюць на «ананімкі».

Будзе сад, што расце ў Алашках,

новай квеценню зноў расцвітаць,

будуць людзі з павагай Сікору

беларускім Мічурыным зваць.

Гэты верш Галіна Сікора прысвяціла свайму дзядзьку, вядомаму беларускаму селекцыянеру-аматару Івану Сікору, нарадзінцу вёскі Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне. Ён – аўтар паўтысячы гатункаў яблык, сотні новых відаў ігруш, а таксама ружаў, бэзу, сліваў.

«Ведаеце, вось самае цвіценне калі, Алашкі – гэта казка, гэта прыгажосць. І вось мне было пяць гадоў, і гэта такая добрая памяць аб Іване Паўлавічы», – кажа Тамара Літвіноіч, якая жыве каля музею.

Аднак камусьці памяць пра таленавітага агранома зашкодзіла. У мясцовую адміністрацыю, а таксама Міністэрства культуры і нават КДБ пачалі прыходзіць ананімныя лісты з патрабаваннем закрыць музей-мемарыял у Алашках. Маўляў, установа не патрэбная і нават шкодная, бо біяграфія Сікоры нібыта ідэалагічна падпсаваная – ягоны сын Віктар падчас нямецкай акупацыі быў чальцом Саюзу беларускай моладзі, пасля вяртання Чырвонай Арміі браў удзел у антысавецкім руху. Дзесяць пасляваенных гадоў правёў у сталінскіх лагерах. Пра Віктара згадвае ягоны былы калега і знаёмы.

«Шчыры беларус адным словам. Акрэп, напэўна, ён у гэтых сталінскіх лагерах, бо пакалечыла жыццё яму там добра», – кажа Язэп Квач, настаўнік, жыхар суседняй вёскі Жукоўшчына.

Адметна, што данос напісаны нібыта ад імя жыхароў вёскі.

«Адказ напісалі, усе падпісаліся, што ніхто пра гэтае пісьмо не ведаў і ніхто яго не складаў», – кажа Галіна Сікора.

За тое, каб захаваць музей і добрае імя Івана Сікоры, выступаюць і мясцовыя ўлады.

«Усё, што датычыцца тых лістоў, гэта ўсё не пацвярджаецца. Для Алашак, калі не будзе музею, то вёска загіне», – тлумачыць Людміла Стома з аддзелу ідэалагічнай працы Шаркаўшчынскага райвыканкаму.

Праз паклёпніцкія лісты пад пагрозаю аказаўся і Алашкаўскі фэст, які штогод ладзіцца ў музейным комплексе падчас Яблычнага спасу.

«Дзякуючы гэтаму фэсту вёска атрымлівае новае дыханне, гасцей многа збіраецца, мясцовым жыхарам гэта вельмі прыемна», – заўважае дырэктарка музею Наталля Перхуровіч.

А вось што кажа Язэп Квач:

«Каб не было гэтага Сікоры, то і вёска гэта ж самая загінула б, як і другія. Музей вось гэты, фэст, усё гэта трымае».

З падтрыманнем медыяў і ўсіх неабыякавых, працаўнікі музею і жыхары Алашкаў спадзяюцца пераканаць нават незычліўцаў у неабходнасці гэтай ініцыятывы для вёскі.

Стужка навінаў