У Музеі гісторыі польскіх габрэяў прэзентавалі беларускамоўны аўдыёгід


Музей гісторыі польскіх габрэяў

З’яўленне ў музеі беларускамоўнага аўдыёгіду праспансаваў беларускі МЗС.

«Мы радыя вітаць вас на пастаяннай экспазіцыі Музею гісторыі польскіх габрэяў POLIN. Зараз пачнецца вашае падарожжа па гісторыі польскіх габрэяў. Яна доўгая – у тысячу гадоў», – менавіта з такіх словаў па-беларуску цяпер пачынаецца экскурсія нашых суайчыннікаў па музеі, які летась атрымаў званне Еўрапейскага музею году.

У прэзентацыі беларускамоўнага аўдыёгіду ўзялі ўдзел дырэктар музею Дарыюш Стола і амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авер’янаў.

Аляксандр Авер’янаў (пасярэдзіне) і Дарыюш Стола (справа)

Дарыюш Стола адзначыў, што ўвядзенне беларускай мовы мае практычнае і сімвалічнае значэнне:

«Практычнае – бо расце колькасць наведнікаў з Беларусі, цяпер ім не трэба будзе карыстацца гідам па-польску альбо па-ангельску. А сімвалічнасць у тым, што гісторыя габрэяў, якую мы паказваем, тычыцца габрэяў на землях даўняй Рэчы Паспалітай, якая ахоплівала і значную частку сённяшняй Беларусі. Гэта гісторыя, якая аб’ядноўвае сённяшнюю Беларусь і Польшчу. Беларуская мова, як і ідзіш, з’яўляецца гістарычнай мовай таго вялікага абшару Усходняй Еўропы».

Дарыюш Стола заўважыў, што за год музей наведваюць некалькі соцень беларусаў, пры гэтым сёлета колькасць наведнікаў з нашай краіны вырасла на 50 %, калі параўноўваць з мінулым годам, і перавысіла 500 асобаў.

У сваю чаргу Аляксандр Авер’янаў сказаў, што беларускі аўдыёгід – гэта супольная ініцыятыва двух бакоў. На рэалізацыю праекту спатрэбілася паўгода.

На пытанне, навошта развіваць беларускую мову за межамі краіны, калі на ёй размаўляюць не так шмат асобаў у Беларусі, амбасадар адказаў:

«Я не згодны з такім сцвярджэннем. Як не размаўляюць па-беларуску? Гэта нашая дзяржаўная мова і трэба яе развіваць».

Каб скарыстацца беларускамоўным аўдыёгідам, трэба заплаціць 10 злотых (каля Br 6). Дадаткова прыйдзецца заплаціць за квіток – поўны кошт складае 25 злотых (каля Br 14). Беларуская мова стала адзінаццатай моваю Музею POLIN.

Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN быў адчынены ў 2013 годзе – у 70-ю гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета.

У адной з залаў музею. Пагоня і тэкст пра непадзельнасць Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага
Сярод экспанатаў музею – сцяг з Белым арлом і Пагоняй, вышыты паўстанцам 1863 году польскімі габрэйкамі. «Братам-магарам прысвячаюць польскія габрэйкі»
Прылада, з дапамогай якой можна праслухаць аўдыёгід

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў