Аляксандр Лукашэнка: Я вас распесціў


Кіраўнік Беларусі лічыць, што беларусы мала працуюць, мала нараджаюць дзяцей і атрымліваюць ад яго зашмат падарункаў. Як вы лічыце?

Аляксандр Лукашэнка наведаў 5 кастрычніка населены пункт Салтанаўка Магілёўскай вобл., дзе месціцца холдынг «Протас». Сустракаючыся з працаўнікамі гэтага прадпрыемства кіраўнік дзяржавы як заўсёды даў нам некалькі каштоўных парадаў.

Галоўны стымулятар краіны

«У нас насельніцтва не хапае, і я вымушаны стымуляваць гэтую нараджальнасць. І вось сюды мы асноўныя рэсурсы накіроўваем – нараджайце», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва «Вelta.by».

Арыентуйцеся на Расею

«Я часта кажу пра тое, што я вас крышку распесцціў. Нельга залішне дапамагаць чалавеку, бо ён тады перастае працаваць. Вазьміце, напрыклад, Расею: там мала хто спадзяецца на дзяржаву, чалавек імкнецца недзе знайсці працу і зарабіць», – раіць Аляксандр Лукашэнка.

Thanks cap

«Для таго каб рабіць падарункі, вы павінны ў пяць разоў больш плаціць падаткаў, іншыя прадпрыемствы павінны ў 3-4 разы больш плаціць падаткаў, каб была магчымасць стварыць фонд у бюджэце і падарыць маладым сем’ям або сем’ям з дзецьмі, шматдзетным жыллё. Але вы не можаце плаціць падаткаў у пяць разоў больш», – агучыў усім вядомы факт кіраўнік Беларусі.

Абібокам не дамо спакойна спаць!

«Лайдакі дажывуць да 60 гадоў, запатрабуюць: давайце пенсіі. А адкуль пенсіі? Ад нас з вамі. Таму я і патрабую рашучых мер у барацьбе з тымі, хто нідзе не працуе», – заявіў Лукашэнка.

Сядзіце ціха, бо будзе як на Украіне

«Адказнасць дзяржавы зразумелая – гэта клопат пра дзяцей, адукацыя, ахова здароўя, гэта абарона і бяспека і шмат іншага. А для гэтага таксама патрэбныя грошы. …Але калі вы скажаце, што для гэтага грошы не патрэбныя, тады мы зробім некалькі хуткіх крокаў да таго, што адбываецца ва Украіне», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

ЮВ, паводле belta.by

Стужка навінаў