Начос вам на галаву, калегі!

З сапраўды мазахісцкай асалодаю сачу за дыскусіяй, што вядуць у інтэрнэце прыхільнікі і праціўнікі права публікі здзекавацца з правінцыйных дэлегатак з’езду «Белай Русі». Усіх захліснула і панесла кудысьці на хвалях адкрытага лайна.

Пра што спрачаецеся? Пра «наменклатурную моду»? Ці ў той момант, калі тварам улады была цалкам модная і сучасная Наталля Пяткевіч, нікога і нішто не напружвала? І кагнітыўнага дысанансу не паўстала?

Мне распавядалі, як спадарыня Пяткевіч, «дыша духами и туманами», як пісаў Аляксандр Блок, праводзіла нараду партгасактыву напярэдадні выбараў 2006 году. У Гомельскай вобласці. Там ёй сабралі віцэ-мэрш па ідэалогіі і сацкультбыту. Тых самых. З начосамі.

Вярхоўная ідыёлагіня выйшла на трыбуну і, задуменна гледзячы ў цемру залы, нібыта пачала:
– Я тут нядаўна плавала ў басейне, і мне ў галаву прыйшла думка…

Нічога не зробіш. Бывае. У Менску яна магла сабе дазволіць і плаваць у басейнах, і думкі нараджаць адразу ў іанізаваную ваду. А зала сядзела і слухала. Бо ў гэтых жанчын іншыя праблемы былі. Яны прыйшлі паслухаць, як ім з Мілінкевічам абыходзіцца – калі адзіны кандыдат да іх у раён прыедзе. Што з мясцовымі актывістамі рабіць. Як дзяржаўную прэсу адбудоўваць. А яна ім – пра басейн і самотную думку.

Калегі, калі начосы правінцыйных дам – галоўнае, што раздражняе вас ва ўладзе, то вы цалкам заслужылі гэтую ўладу. Ды задушыцеся вы начосамі! Каб вам усім усё жыццё пра іх пісаць, калі ўжо яны вас так хвалююць. Атрымаеце задавальненне. Толькі вось пра што падумайце.

З выяваў цалкам прыстойных людзей у апазіцыі ды інтэлігенцыі можна сфармаваць зграю, убачыўшы якую ў страшным сне чалавек ашалее, падумаўшы, што яму прапаноўваюць напіцца крыві ў кампаніі з ваўкалакамі. Пра ўласную знешнасць маўчу. І абмяркоўваць пытанне «публічны – непублічны» не збіраюся. Абмежавальнік павінен быць унутры нас. Калі ёсць ён – добра. Няма яго – усе мы сукі і паводзім сябе, як сукі. Але абмежавальнік мусіць быць.

У жанчыны – цудоўны доўгія валасы. Яна імі ганарыцца. Гэта яе права. Ці ёй пастрыгчыся коратка, каб адпавядаць уяўленням прыгажосці хлопчыка са сталічнай газеты? Ды хай усер*цца гэты хлопчык. Гэта яе права – насіць доўгія валасы і ўкладаць іх так, як ёй хочацца. Хай хлопчык падыдзе да люстэрка і паглядзіць на сябе. Хай ён больш уважліва аглядзіцца на мітынгах і ўбачыць, як выглядаюць нашыя актывісткі сталага ўзросту ў момант, калі абвяшчаюць лозунгі – тады менш квакаць будзе. Але рэдактар ​​апазіцыйнага сайту, або газеты з мітынгу возьме здымак з чароўным дзіцем, якое трымае сцяжок у руках, і ўсе будуць замілоўвацца. А са з’езду кіраўнічай недапартыі – кадр з жанчынаю з фрызурай, што яму не да спадобы – і ўсе будуць радасна тыкаць пальцамі ды іржаць. І калі вы будзеце мяне запэўніваць, што яно адбываецца па-іншаму, то дазвольце вам не паверыць.

Нябожчык Ігар Гермянчук дэманстраваў, што ў барацьбе з палітычным апанентам любы кадр добры. Але публікаваў ён здымкі сапраўды эксклюзіўныя. Вазьміце тыя, што прынеслі славу Сяргею Грыцу або Васілю Фядосенку. У іх прэм’ер, лідар краіны, кіраўнік парламента, выканаўчы сакратар СНД, вышэйшы генералітэт выглядалі тымі, кім ёсць на самой справе. А тут… Няма барацьбы з тымі, хто здольны адказаць і хто па-сапраўднаму моцны. Няма эксклюзіву. Ёсць жаданне наср* ць на начос правінцыйнай чыноўніцы ды скавытанне ў інтэрнэце тых, хто не заўважыў, як барацьбу падмянілі дзіцячым срачам.

Прабачце за хамства. Заслужылі.

*Пункт гледжання калумністаў можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў