Аляксандр Алесін: Расейскія бамбавальнікі ў Беларусі рэзка ўзмоцняць небяспеку вайсковага канфлікту


Заява ЗША пра размяшчэнне цяжкога ўзбраення ў краінах Усходняй Еўропы ля межаў з Расеяй выкліча хваравітую рэакцыю ў Расеі, лічыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Паводле яго, Расея ў адказ будзе нарошчваць свае вайсковыя сілы перадусім у Калінінградскай вобласці, але гэтаксама і ў Беларусі.

«Я думаю, Беларусі таксама не ўдасца ўхіліцца, каб не прыняць на сваёй тэрыторыі дадатковыя расейскія кантынгенты. Гэта, мабыць, не будзе ні пяхота і ні танкавыя падраздзяленні. Хутчэй за ўсё мы будзем сведкамі вылучэння сюды аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр». Магчыма, яны будуць размешчаныя дзесьці ў Берасцейскай вобласці. Магчыма, яны будуць на мяжы з Літвой. Падобна, што групоўка авіяцыя, якую размесцяць у Бабруйску, будзе ўзмоцненая франтавымі бамбавальнікамі Су-34, што рэзка ўзмоцніць небяспеку вайсковага сутыкнення ў нашым рэгіёне», – заўважыў адмысловец.

На ягоную думку, абвастрэнне стасункаў Расеі і НАТО непазбежна прывядзе да таго, што Беларусь будзе ўцягнутая ў вайсковыя рыхтаванні Расеі. «У гэтым можна не сумнявацца, бо мы вельмі сумленныя хаўруснікі па Саюзнай дзяржаве, па Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Акрамя гэтага, Беларусь – гэта плацдарм, высунуты ў тоўшчу НАТО, гэта клін. З тэрыторыі Беларусі кароткі кірунак на Варшаву, недалёка да Кіева і Вільні, то бок, у прынцыпе, усе базы НАТО, якія будуць размешчаныя ў краінах Балтыі і Польшчы, – яны вельмі ўразлівыя з тэрыторыі Беларусі і для авіяцыі, і для аператыўна-тактычных комплексаў. Таму кожны знаходзіць месца, каб больш балюча ўдарыць, а калі Расея захоча зрабіць Польшчы балюча, то Беларусь – гэта самае выгаднае месца», – лічыць спецыяліст.

Паводле вайсковага аглядальніка, зробленыя чарговыя крокі да халоднай вайны, якая можа неўзабаве асягнуць ступень жорсткасці, што была ў часы Савецкага Саюзу. «Халодная вайна – гэта што такое? Гэта сітуацыя, калі адзін бок робіць крок, а іншы – яшчэ больш круты крок робіць. Таму самая небяспечная штука – гэта эскалацыя, калі кожнае перамяшчэнне войскаў у нашым рэгіёне спатыкаецца з асцярогай, выклікае рэакцыю ў адказ, войскі прыводзяцца ў боегатовасць, узмацняецца выведка, палёты авіяцыі і гэтак далей», – заўважыў спадар Алесін.

Размяшчэнне цяжкага ўзбраення НАТО на межах з Расея спадар Алесін лічыць вялікай памылкай, бо бяспека Польшчы і краін Балтыі ад гэтага не павысіцца. На тэрыторыі ж гэтых краінаў у выніку будуць скіраваныя некалькі дадатковых дзясяткаў альбо нават сотняў ракетаў, боегаловак ды «Іскандэраў». «Сітуацыя абвострыцца і гэта нікому не пойдзе на карысць. Захады, якія робяць ЗША і саюзнікі, не прывядуць да павышэння бяспекі краін Балтыі ды Польшчы. Наадварот, у Расеі шмат лішніх боегаловак, комплексаў «Іскандэр», супраць якіх у Польшчы, напрыклад, няма сродкаў – ні супрацьпаветраная, ні супрацьракетная абароны не здольныя іх перахапіць. А Польшча стане мішэнню для лішніх боегаловак».

Бліжэйшым часам амерыканскае камандаванне плануе размясціць на тэрыторыі Польшчы цяжкае ўзбраенне, уключна з танкамі і баявымі машынамі пяхоты. Пра гэта паведаміў міністр абароны Польшчы Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak). Тры былыя савецкія краіны Балтыі таксама плануюць размясціць у сябе амерыканскае цяжкое ўзбраенне.
Расея не раз крытыкавала планы размяшчэння амерыканскай вайсковай тэхнікі ля сваіх межаў, абвінавачваючы НАТО ў парушэнні сістэмы еўрапейскай бяспекі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў