Алесь Мазанік: Беларушчына выйшла за межы апазіцыйнай тусоўкі

photo

Госці і ўдзельнікі "Дня вышыванкі"

Літаратары, музыкі і мастакі «прызямліліся ў Горадні» у межах Фэсту вышыванкі. На думку арганізатара Алеся Мазаніка, калі пасля яго па-беларуску пачне размаўляць нават пяць чалавек – «вынік ёсць».

У нядзелю на падворку культурніцкай пляцоўкі «У цэнтры» палітык і літаратар Павел Севярынец прэзентаваў сваю кнігу, прысвечаную 100-годдзю Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Пісьменнік і паэт Славамір Адамовіч распавёў пра раман «Цана Еўропы», натхнёны прыгодамі ў Нарвегіі.

Славамір Адамовіч на Фэсце вышыванкі. Фота – Васіль Малчанаў

Мастак Ян Мяльніцкі падзяліўся таямніцамі стварэння крэатыўных мапаў сярэднявечнай Беларусі, а музыка Алесь Дзянісаў – праспяваў песні на вершы Караткевіча.

Ян Мяльніцкі. Фота – Васіль Малчанаў

Паводле Алеся Мазаніка, мэнэджара культурніцкіх праектаў і арганізатара «Фэсту вышыванкі», спадзяванні – спраўдзіліся, а імпрэза паказала, што беларушчына выходзіць за межы «апазіцыйнай тусоўкі».

«Так, сёння быў прыкры выпадак, калі жанчыны прыйшлі ды, пачуўшы беларускую мову, сказалі, маўляў, «апазіцыя сабралася», – распавядае Мазанік. – Але гэта не болей, чым выпадковасць. Галоўнае, што на маіх вачах людзі з дзецьмі набывалі падручнікі ад «Мова нанова». Таму, калі нават 5–10 новых людзей пачне пасля размаўляць па-беларуску – значыць, вынік ёсць».

Фэст вышыванкі. Фотагалерэя

Алесь Кіркевіч

Глядзі таксама
Каментары