Алесь Бяляцкі: Будзем дабівацца скасавання артыкула 411 як ганебнага рудымента савецкіх часоў


Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які прысутнічаў на судовым паседжанні Андрэя Бандарэнкі, выказаў сваю ацэнку судоваму рашэнню.

Паводле праваабаронцы, «Вясна» задаволеная апраўдальным прысудам, хоць і зразумела, што рашэнне па справе Андрэя Бандарэнкі прымалася не суддзём, а вышэйшымі інстанцыямі.

Раней праваабаронцы «Вясны» заяўлялі, што ў выпадку асуджэння Андрэя Бандарэнкі па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яго прызнаюць палітычным зняволеным.

«Падаецца што ў апошні момант, дзеля тактычных меркаванняў, улады вырашылі не абвастраць сітуацыю і адмянілі загадзя падрыхтаваны прысуд. Тым не менш, мы працягваем настойліва крытыкаваць наяўнасць у Крымінальным кодэксе 411 артыкула, які дазваляе субектыўна і селектыўна, па волі і жаданні адміністрацыі пенітэнцыярнай сістэмы, ці тых хто за ёй стаіць, караць «злосных парушальнікаў рэжыму» дадатковым турэмным тэрмінам.

Тое што Андрэй Бандарэнка неўзабаве апынецца на волі – з’яўляецца заслугай як беларускіх праваабаронцаў, так і ўсёй неабыякавай беларускай грамадскасці. Мы будзем дабівацца скасавання 411 артыкула з Крымінальнага кодэксу як ганебнага рудымента савецкіх часоў», – сказаў праваабаронца.

30 сакавіка Андрэя Бандарэнку, былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Інавэйшн» апраўдалі за адсутнасцю склада злачынства. Яго вызваляць з Магілёўскай турмы №4, дзе ён адбываў пакаранне, 31 сакавіка.

ДР belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў