Аэрапорт «Менск» стаў тытульным партнёрам «Крумкачоў»


НФК «Крумкачы» падпісаў пагадненне аб супрацы з Нацыянальным аэрапортам «Менск».

Дамова заключаная да канца бягучага сезону, аднак бакі могуць працягнуць партнёрства і ў наступным годзе, паведамляе сайт сталічнага футбольнага клубу.

Можна меркаваць, што гэта залежыць ад поспехаў клубу, які цяпер выступае ў трэцім дывізіёне.

Пакуль «Крумкачы» займаюць чацвёртае месца і змагаюцца за выхад у Першую лігу. Лагатып новага партнёра размесцяць на саколках футбалістаў над гульнявымі нумарамі.

«Слоган нашага аэрапорту – «Самы кароткі шлях да мары!» – падобны на гісторыю гэтай футбольнай каманды. Хлопцы ў свой час паказалі, што няма нічога немагчымага і можна выгуляць любога суперніка, а цяпер зноў штурмуюць вышыні беларускага футболу. Мы цэнім гэтае жаданне і імкненне да перамогаў!» – заявіў намеснік гендырэктара Нацыянальнага аэрапорту «Менск» Віктар Палей.

Сузаснавальнік сталічнага клубу, лаўрэат міжнародных конкурсаў піяніст Юрый Бліноў так пракаментаваў супрацу:

«Мы цешымся, што ў нас з’явіўся такі партнёр, як самы галоўны аэрапорт краіны. Цяпер будзем «Ляцець высока і глядзець далёка» разам!»

НМ, belsat.eu, фотаздымак Юлія Рыпінская/ Суполка ў ВК «Крумкачоў»

Стужка навінаў