«Адкінуць палітычныя стэрэатыпы». Моладзь БНФ запрасіла БРСМ на Дзень Волі


Рада Моладзі БНФ сёння накіравала ліст да БРСМ з заклікам разам адсвяткаваць 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці БНР.

«Дзякуючы мужнасці і еднасці тых людзей, якія зрабілі першы крок да самастойнасці і незалежнасці нашай краіны, вашая арганізацыя існуе ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь», – гаворыцца ў лісце.

Актывісты Моладзі БНФ адзначаюць, што 25 сакавіка неабходна «паказаць кансалідацыю і моц беларускага народу».

«Мы спадзяемся, што вы, як і мы, шануеце Незалежнасць нашай краіны і зможаце ў гэты дзень адкінуць свае палітычныя стэрэатыпы», – заклікаюць яны.

Запрашэнне тычыцца дазволенага ўладамі канцэрту, які распачнецца 25 сакавіка а 14-й гадзіне ля Вялікага тэатру оперы і балету ў Менску.

Ганна Смілевіч

Старшыня Моладзі БНФ Ганна Смілевіч: «БРСМ не адмаўляе сваёй беларускасці».

На думку Ганны Пахолкі (Смілевіч), запрасіць праўладную арганізацыю на Дзень Волі трэба, бо такім чынам будзе прадэманстраваная еднасць беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў.

На пытанне, чаму менавіта сёлета такое запрашэнне ўпершыню накіравалі ў БРСМ, Ганна адказвае:

«Таму што гэта асаблівая дата, стагоддзе. Калі раней яны б не пагадзіліся, то ў гэтым годзе на санкцыянаваны канцэрт прыйсці могуць. Яны ж самі не адмаўляюць сваёй беларускасці: раздавалі стужкі з арнаментам, напрыклад».

Афіцыйнага адказу ад БРСМ пакуль няма. Разам з тым, ужо 12 сакавіка праўладная моладзевая арганізацыя распачне акцыю «Мы – грамадзяне Беларусі», прысвечаную Дню канстытуцыі.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары