Адкіды з АЭС у Астраўцы будуць захоўваць у Беларусі цягам 10 гадоў


Урад зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адкідамі Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.
Як зазначаецца ў тэксце Стратэгіі, у сувязі з эксплуатацыяй атамнай электрастанцыі асаблівую актуальнасць набывае праблема стварэння розных тыпаў і катэгорый радыеактыўных адкідаў (РАА), якія ўяўляюць патэнцыяльную небяспеку для чалавека і навакольнага асяроддзя.

У адпаведнасці з праектам БелАЭС прадугледжваюцца функцыянаванне сістэмы абыходжання з РАА і іх захоўванне ў прыстанцыйным сховішчы на працягу дзесяці гадоў з наступным іх перамяшчэннем у пункт пахавання РАА, пабудова якога праектам не прадугледжана.

Адказнасць за забеспячэнне бяспечнага і надзейнага функцыянавання сістэмы абыходжання з РАА ўскладаецца на дзяржаву і арганізацыю, якая яе эксплуатуе.

Сістэма абыходжання з РАА ўключае ў сябе збор, сарціроўку, ачыстку, перапрацоўку, кандыцыянаванне, транспарціроўку і захоўванне радыеактыўных адкідаў, якія ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі.

Паводле дакументу, цягам эксплуатацыі атамнай электрастанцыі (60 гадоў) прагназуецца ўтварэнне 9.360 куб. метраў цвёрдых РАА розных катэгорый і 60 куб. метраў высокаактыўных РАА.

Згодна з папярэдняй ацэнкай, прагназуемы аб’ём ўтвараемых нізкаактыўных і сярэднеактыўых цвёрдых РАА ў выніку вываду АЭС з эксплуатацыі складае 2.050 куб. метраў на адзін энергаблок атамнай электрастанцыі, высокаактыўных цвёрдых РАА – 85 куб. метраў.

«З улікам чаканых аб’ёмаў утварэння радыёактыўных адкідаў існуе аб’ектыўная неабходнасць стварэння пункта пахавання РАА», – гаворыцца ў Стратэгіі. Гэта можа каштаваць для бюджэту краіны некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў. Напрыклад, кошт пабудовы могільніка радыеактыўных адходаў Ігналінскай АЭС у Літве, склаў каля 60 млн. долараў ЗША.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў