Ад крэматорыя для жывёлінаў да міні-бібліятэк на прыпынках. Talaka.by збірае ідэі для Менску


Аўтары найлепшага гарадскога праекту атрымаюць $ 1 тыс. на рэалізацыю сваёй ідэі. Інтэрнаўты ўжо запрапанавалі больш за сотню ідэяў для Менску.

Ідэі для Менску збіраюць на адмысловым сайце. Усе прапановы аб’яднаныя ў чатыры рубрыкі: культура, грамадства, тэхналогіі ды горад.

Найбольш ідэяў – у раздзеле «грамадства». Ёсць прапановы, што могуць быць карыснымі для вялікай колькасці гараджанаў. Напрыклад – стварэнне мабільнага прыкладання, якое дазволіць аператыўна інфармаваць мясцовыя ўлады пра тыя ці іншыя праблемы. «У доме па вул. Караля, 26 зламаліся парэнчы паміж 2 і 3 паверхам. Тады ты адчыняеш прылажэнне, набіраеш у першым полі адрас, а ў другім апісваеш сутнасць праблемы», – піша аўтар ідэі.

Яшчэ адзін інтэрнаўт заклікае зарганізаваць на ўваходзе на станцыі метро ды на прыпынках міні-бібліятэкі, дзе можна бясплатна браць кнігі, або пакідаць для іншых менчукоў.

Ёсць і нечаканыя прапановы, напрыклад, усталяваць у Менску помнік загінулым у ДТЗ байкерам, «каб было месца, дзе можна сабрацца і ўзгадаць загінулых сяброў і знаёмых».

Іншы інтэрнаўт звяртае ўвагу на тое, што ў Менску існуе вялікая праблема з пахаваннем хатніх жывёлінаў. І прапануе стварыць… крэматорый. «Калі жывёліна памірае, яе хаваюць у парках, у дварах дамоў, выкідваюць у сметніцы і каналізацыі! Часцяком мы бачым, як яны проста валяюцца на дарозе», – піша аўтар ідэі.

Паводле задумы, калі б такі крэматорый з’явіўся, то прах хавалі б у адмысловых экалагічных урнах, а на месцы пахавання вырасталі б кветкі, або дрэва.

Збор ідэяў для Менску працягваецца да 27 ліпеня ўключна. Удзельнічаць у конкурсе могуць праекты, накіраваныя на паляпшэнне гарадскога сацыяльнага і культурнага асяроддзя сталіцы. Агульны прызавы фонд – $2 тыс.

Каманды, якія за месяц паспяхова завершаць свае міні праекты, пазмагаюцца за прызы ў некалькіх намінацыях: «Лепшы гарадскі праект», «Выбар менчукоў», спецыяльная намінацыя Talaka.by «Сацыяльны прадпрымальнік». Кампанія velcom, якая развівае сучасную гарадскую культуру і дапамагае дзецям, у рамках конкурсу заснавала спецыяльную намінацыю «Дзіцячы горад».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў