«Баявая нічыя». Абаронцы Курапатаў сустрэліся з Андрэем Шорацам (СТРЫМ)


Кіраўнік Менску паабяцаў, што на гэтым тыдні будаўнічых працаў каля ўрочышча Курапатаў не будзе.

А 9:45 групу з чатырох чалавек, вылучаную абаронцамі ўрочышча Курапаты,  павінен быў прыняць старшыня Менскага гарвыканкаму Андрэй Шорац. Незалежных журналістаў на сустрэчу не пускаюць.

Каля сценаў Гарвыканкаму з’явілася мноства журналістаў, экспертаў і грамадскіх актывістаў. На думку гісторыка Дзяніса Кобрусева, сёння варта заняцца тактыкаю маленькіх крокаў.

«Не трэба казаць пра мемарыялізацыю Курапатаў. Галоўнае, што трэба зрабіць – спыніць будаўніцтва. Калі будуць адразаць па кавалку, неўзабаве нам не будзе што мемарыялізаваць», – кажа Кобрусеў.

10:05

Павел Севярынец паведаміў, што ініцыятыўная група знаходзіцца пад кабінетам Шораца. Актывісты просяць чыноўнікаў пусціць на круглы стол жыхароў дамоў па вул. Мірашнічэнкі, экспертаў і журналістаў.

10:25

Паводле прэсавага сакратару БАЖ Барыса Гарэцкага, уладам варта было б запрасіць на сустрэчу ўсіх зацікаўленых, але яна гэтага не робіць.

«Улада хоча паказаць сваю ўладу – і прапускае толькі тых, хто быў запісаны, – кажа Гарэцкі. _ Яна лічыць сябе начальствам над гараджанамі і адгараджаецца ад нас сценкай. Адпаведнае і стаўленне грамадзянаў да ўлады».

10:42

Медыі і грамадскасць працягваюць чакаць у фае Менгарвыканкаму на вынікі сустрэчы. Неўзабаве мы працягнем жывую трансляцыю.

12:15

«Мы дамовіліся, што гэты дыялог важны і што ён будзе працягвацца – гэта безумоўна пазітыўна. Нам сказалі: «хочаце стаяць – стойце», и паабяцалі, што на гэтым тыдні ніякіх будаўнічых працаў там весціся не будзе», – ацэньвае вынікі сустрэчы старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.


У дэлегацыю, якую прыняў Андрэй Шорац, увайшлі Марат Гаравы (прадстаўляе экспертаў), Юрый Сцепанішчаў (мясцовых жыхароў), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ) і Павел Севярынец (БХД).

Абарона месца масавых расстрэлаў і пахаванняў рэпрэсаваных НКУС у 1937–1940-х гг. ува ўрочышчы Курапаты трывае ўжо 10 дзён.

Участак, на якім ТАА «Кіпрэканструкцыя» распачало будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтру, гарадскія ўлады прадалі з аўкцыёну ў 2013-м. У 2014-м ахоўную зону значна ўрэзалі. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, існуе вялікая імавернасць, што тут ёсць пахаванні: архівы КДБ з планамі размяшчэння пахаванняў 1937–1940 гг. да сёння засакрэчаныя.

22 лютага актывісты звярнуліся да Андрэя Шораца з патрабаваннем спыніць будоўлю і правесці праверку яе законнасці.

27 лютага будаўнікі спынілі працы і пачалі вывозіць тэхніку з будаўнічай пляцоўкі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары