ЦВК дапусціць назіральнікаў да падліку галасоў


Ярмошына паабяцала назіральнікам ад АБСЕ, што іх дапусцяць да падліку і перапрацоўвання выбарчых бюлетэняў.

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Рыкарда Мільёры заявіў, што абмеркаваў са старшынёй Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзіяй Ярмошынай важныя тэмы, датычныя выбарчага заканадаўства.

«Самым важным момантам было абяцанне пра допуск міжнародных назіральнікаў на выбарчых участках туды, дзе будзе праводзіцца падлік і апрацоўванне бюлетэняў», – зазначыў Мільёры.

Прэзідэнт ПА АБСЕ адзначыў, што апошнімі гадамі ў большасці выпадкаў падчас беларускіх выбараў было бачна тое, «чаго не назіраецца практычна ні ў адной іншай краіне: у момант падліку галасоў назіральнікам прапаноўвалі адыйсці на дыстанцыю 15–20 метраў ад стала, дзе праводзілася апрацоўванне звестак».

Калі Цэнтрвыбаркам Беларусі дасць указанні участковым выбарчым камісіям працаваць «у духу адкрытасці і празрыстасці» пры падліку галасоў, назіральнікі ацэняць гэта выключна станоўча, – перакананы Мільёры.

Ён таксама паведаміў, што прадстаўнікі ПА АБСЕ прасілі сустрэцца з беларускімі палітвязнямі. «Я прасіў пра такую магчымасць у міністра Мартынава падчас нашай сустрэчы ў Рыме. Пакуль мы не атрымалі адказу. Але вельмі спадзяемся, што да выбараў мы яго атрымаем», – сказаў прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі.

belsat.eu

Стужка навінаў