Танцуючы рэгуліроўшчык як сродак супраць коркаў


У сераду, 5 верасня, на вуліцах гораду Шарлат у штаце Паўночная Караліна цяжка было не заўважыць паліцыянта, які кіраваў рухам з дапамогаю танцаў.

Падчас з’езду дэмакратаў жыхары гораду Шарлат адчувалі вельмі шмат нязручнасцяў, у тым ліку праз перакрытыя вуліцы. Але адзін паліцыянт знайшоў арыгінальны спосаб пазбегчы незадаволенасці ўдзельнікаў руху. Ён адначасова выконваў абавязкі рэгуліроўшчыка ды забаўляў кіроўцаў і пешаходаў на самым галоўным скрыжаванні гораду. Удзельнікі руху рэагавалі з усмешкаю, але ўсе як адзін прытрымліваліся ўказанняў паліцыянта. {movie}Танцуючы паліцэйскі|right|6233{/movie}

Як паведамляецца, паліцыянт быў адным з працаўнікоў групы спецназу. Некаторыя з ягоных калегаў таксама забаўлялі натоўп танцавальнымі рухамі на іншых скрыжаваннях, але гэты быў самы актыўны і прыцягваў найбольшую ўвагу.

4–6 верасня ў горадзе Шарлат праходзіў з’езд Дэмакратычнай партыі. На ім абмяркоўвалі пытанні выбараў прэзідэнта ЗША, якія адбудуцца ў лістападзе. На з’ездзе выступаў дзейсны прэзідэнт Злучаных Штатаў Барака Оўбама, які таксама будзе браць удзел у выбарах ад Дэмакратычнай партыі.

belsat.eu

Стужка навінаў