Нечаканыя вынікі апытання: моладзь больш не хоча працаваць у студатрадах


Сталічная моладзь, што ўлетку адпрацавала ў студатрадах, не гарыць жаданнем замацаваць досвед. Гэткія папярэднія вынікі апытання з’явіліся на сайце Менскага навукова-даследчага інстытуту сацыяльна-эканамічных праблемаў. Служба інфармацыі “Белсату” дзеліцца несуцяшальнымі вынікамі.

Студэнты больш не хочуць атрадаў

Трэба адзначыць, што прапанаваныя звесткі – не канчатковыя. Ананімнае віртуальнае апытанне пачалося 3 верасня і скончыцца 31 кастрычніка. Таму грамадская думка яшчэ мае час павярнуцца ў адваротным кірунку. Тым не менш, на фоне дзяржаўнай прапаганды БРСМаўскіх студэнцкіх атрадаў, на фоне стварэння іх пазітыўнага іміджу, нават папярэднія вынікі заслугоўваюць увагі.

Адкуль прыйшлі ў студатрад

Большасць рэспандэнтаў трапіла на працу ў студэнцкія атрады дзякуючы рэкламе ў медыях, абвесткам у навучальных установах, а таксама праз БРСМ. 15 % сказалі, што працавалі раней ды захацелі трапіць у студатрад ізноў. Яшчэ столькі ж паслухаліся парады знаёмых.

Большасць (43 %) маладых людзей кажа, што падтрымала БРСМаўскую ініцыятыву, бо хацела зарабіць грошай. Яшчэ 30 % рамантычна заяўляюць, што імкнуліся пабачыць новыя мясціны, знайсці новыя знаёмствы ды проста адпачыць, змяніўшы від дзейнасці.

Якія ўражанні?

У медыях рэкламаваліся будаўнічыя і сельскагаспадарчыя студатрады. 15 % рэспандэнтаў рабілі на будоўлях. Астатнія былі на экалагічных і сервісных працах (па 15 %). Пераважная частка (58 %) выконвала абавязкі невядомага характару – “іншага профілю”.

Апытанне ўдзельнікаў студатрадаўАпытанне ўдзельнікаў студатрадаў

Ступень задавальнення ад працы ў студатрадзе у моладзі невысокая. Гэтак, 43 % рэспандэнтаў далі адказ “шчыра кажучы, магло б быць і лепей”, 30 % яшчэ не вызначыліся. Адказ “нармальна, без праблемаў” і “агулам усё было добра” далі па 15 % апытаных. Ніхто пакуль не адказаў “прыўкрасна, застаўся задаволены”.

Ці паедзеце яшчэ

У 70 % рэспандэнтаў няма ў планах налета вярнуцца на працу ў студатрады. Амаль 30 % пакуль не гатовыя адказаць і абяцаюць “яшчэ падумаць”.

belsat.eu

Стужка навінаў