Менск не аддае Бакіева-малодшага


Генпракуратура адмовілася выдаць Кыргызстану Жаныбека Бакіева – малодшага брата зрынутага прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева.

Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, ягоны брат Жаныбек, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук. Акрамя таго, Жаныбек Бакіеў, які кіраваў службаю дзяржаўнай аховы Кыргызстану, абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава.

Жаныбека Бакіева выпадкова заўважылі ў Менску – яго сфатаграфавалі, калі ён, акружаны аховаю, выходзіў з адной з менскіх кавярняў.

Генпракуратура бароніць ад палітычнага пераследу?

На афіцыйным сайце беларускай Генеральнай пракуратуры змешчанае тлумачэнне рашэння аб нявыдачы Бакіева-малодшага.

Беларускі бок, падкрэслівае Генпракуратура, лічыць, што «запыт аб выдачы звязаны з пераследам паводле прыкметы палітычных перакананняў». «Таму запыт Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі аб выдачы Ж. Бакіева пакінуты без задавальнення», – гаворыцца ў паведамленні.

Бакіевы сталіся прычынаю канфлікту

24 жніўня Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодаю для дыпламатычнага канфлікту паслужылі менавіта менскія фотаздымкі Жаныбека Бакіева, выкладзеныя ў інтэрнэце.

Міністэрства замежных справаў Кыргызстану ўручыла вербальную ноту паслу Беларусі ў Бішкеку, у якой выказала здзіўленне і заклапочанасць у звязку з публікацыяй у медыях, якія пацвярджаюць знаходжанне Жаныбека Бакіева ў Беларусі. Кыргызстан выказаў спадзяванні, што афіцыйны Менск «усё ж прыме вычарпальныя захады для неадкладнага затрымання і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку».

belsat.eu

Стужка навінаў